Навіны

80 гадоў з дня масавых расстрэлаў у Менску

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году савецкі НКВД здзейсніў у Мінску жудасны масавы расстрэл больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты – вядомых дзеячаў культуры, мастацтва і навукі, а таксама грамадскіх дзеячаў тагачаснай БССР. Расстрэлы адбыліся ў сутарэннях менскай унутранай турмы НКВД («амэрыканкі»). Пазней суды СССР амніставалі бальшыню рэпрэсаваных у звязку з іх невінаватасцю. Такім чынам, у гэтыя дні рэпрэсіі, якія чыніла кіраўніцтва СССР у тыя гады па ўсёй краіне, дасягнулі ў Беларусі свайго піку, бо з 4 сакавіка 1937 г. да 22 траўня 1938 г. (444 дні) на Беларусі агулам было рэпрэсавана каля 100 тысяч чалавек (у сярэднім за ноч арыштоўвалі па 230 чалавек).

У архіве прэзідэнта Расейскай Федэрацыі (АПРФ, вопіс № 24, справа № 411) захоўваецца «Спіс асобаў, падлеглых суду ваеннай калегіі Вярхоўнага суда Саюза ССР». У спіс уключаныя асобы з усяго Савецкага Саюзу. Ён датаваны 7 верасня 1937 году і падпісаны І. Сталіным, В. Молатавым, Л. Кагановічам, К. Варашылавым, М. Яжовым. Спіс засуджаных па першай катэгорыі (да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу) па Беларускай ССР налічвае 103 чалавекі, па другой катэгорыі (прыгавораны да 10 і болей гадоў зняволення ў савецкіх канцлагерах) –  6 чалавек. Спіс па Беларускай ССР датаваны 15 верасня 1937 году і падпісаны І. Сталіным, В. Молатавым і начальнікам 8-га аддзелу Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай бяспекі СССР старшым маёрам дзяржаўнай бяспекі Уладзімірам Цэсарскім.

   У дадатак да першапачаткова спісу, які паступіў з Масквы, мясцовымі супрацоўнікамі НКВД БССР былі дададзеныя яшчэ шэраг дзеячоў. У ноч на 30 кастрычніка злачынны загад быў выкананы.

У ліку расстраляных у тую ноч былі 22 беларускія пісьменьнікі. За 3 месяцы да расстрэлу, 1 жніўня 1937 г. ва ўнутраным двары Мінскай турмы НКВД БССР спалілі некалькі дзясяткаў тысячаў рукапісаў ненадрукаваных твораў тых пісьменьнікаў, што не прайшлі цэнзуру. Сярод забітых былі Платон Галавач, беларускі пісьменьнік, грамадскі дзеяч; Хацкель Дунец, беларуска-яўрэйскі пісьменнік; Алесь Дудар (сапр. Дайлідовіч), беларускі паэт, крытык; Міхась Зарэцкі (сапр. Касянкоў), беларускі пісьменьнік; Васіль Каваль (сапр. Кавалёў), беларускі пісьменнік, журналіст; Валеры Маракоў, беларускі паэт; Васіль Сташэўскі, беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч, удзельнік Слуцкага паўстання; Міхась Чарот (сапр. Кудзелька), беларускі паэт грамадска-культурніцкі дзеяч, Анатоль Вольны (сапр. Ажгірэй), беларускі паэт, празаік, кінадраматург, журналіст; Тодар Кляшторны, беларускі паэт; Майсей Кульбак, беларуска-яўрэйскі празаік; Юрка Лявонны, беларускі паэт і перакладнік, Сяргей Мурзо, беларускі паэт і настаўнік; Янка Нёманскі (сапр. Пятровіч), беларускі празаік і грамадскі дзеяч; Юлі Таўбін, беларускі паэт і перакладнік, іншыя. Сярод расстраляных у тую ноч таксама такія вядомыя асобы як Ананій Дзякаў, рэктар БДУ ў 1934-35 гадах; Захар Кавальчук, старшыня ЦК прафсаюзаў БССР; Язэп Каранеўскі, дзяржаўны дзеяч і педагог; Мікалай Кандрашук, начальнік упраўлення шкляной прамысловасці Наркамата БССР, Ігнат Афанасьеў, выкладчык Мінскага Беларускага педагагічнага тэхнікума, Вадзім Башкевіч, начальнік Упраўлення вышэйшай школы Наркамата асветы БССР, іншыя.

Светлая памяць ахвярам савецкага тэрору і генацыду…

 

29.10.2017

праваабарончыя сайты