Навіны

Расстраляны Слонім

Сёння ў Слоніме дождж. Ён быў учора, ён будзе ліць і заўтра. Але сёлетні асенні дождж іншы, ён адрозніваецца ад тых дажджоў, якія ішлі гэтай вясной, а таксама ў мінулыя гады. Сёлетні асенні дождж – гэта слёзы неба, якое плача па тых, хто загінуў у 1930-1950-ых гадах у агні сталінскіх рэпрэсій.

Пад парасонам іду пад дажджом па вуліцах Слоніма. Іду з няспраўджанай надзеяй з нейкім неспадзяваным спадзяваннем, а раптам на вуліцах горада над Шчарай сустрэну слонімскага прыгожага хлопца і таленавітага паэта Сяргея Сераду, які актыўна друкаваўся ў 1920-ых гадах у часопісах “Маладняк” і “Узвышша” пад літаратурным псеўданімам Сяргей Дарожны. Сустрэну таго самага Сяргея Дарожнага, якога ў 1920-ых гадах наша моладзь называла “беларускім Ясеніным”. А калі ён чытаў свой верш “Белымі пялёсткамі”, юнакі і дзяўчаты віталі паэта стоячы і дзесяткі разоў выклікалі на біс. А прыгожы і шчаслівы паэт чытаў:

Пасінела неба раніцой над гаем,

Пасінела рана –

Скрозь.

А сягоння любая у мяне другая,

Ў залатым убранні,

Ля бяроз…  

Сяргей Дарожны паспеў выдаць у 1920-х гадах тры зборнікі сваіх вершаў. І больш яны не выдаваліся. Ён быў беспадстаўна арыштаваны і знішчаны ў Камсамольску-на-Амуры летам 1943 года. Таму не сустрэў Сяргея Дарожнага.

Іду па вуліцах Слоніма далей. Да вайны ў горадзе жыло шмат габрэяў. У адной беднай сям’і нарадзіўся Хацкель Дунец – пісьменнік, грамадскі і культурны дзеяч. Друкаваць свае літаратурна-краязнаўчыя творы ён пачаў з 1927 года. Пісаў на ідыш і беларускай мовах. Працаваў спачатку намеснікам рэдактара яўрэйскай газеты «Октобэр», а потым рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», быў адным з кіраўнікоў яўрэйскай секцыі Саюза пісьменнікаў БССР. У 1930–1935 гадах Хацкель Дунец працаваў на пасадзе намесніка наркама асветы БССР, з’яўляўся сябрам Саюза пісьменнікаў БССР. 28 кастрычніка 1937 года тройкай НКУС  Хацкеля Дунца прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання. Яго расстралялі разам з вялікай групай беларускіх пісьменнікаў 29 кастрычніка 1937 года ў Курапатах… Таму не сустрэў і Хацкеля Дунца.

На Ружанскай вуліцы, якая вядзе ў вёску Чамяры, спадзяваўся спаткаць і павітацца з Максімам Бурсевічамдзеячам беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, педагогам, публіцыстам. Не спаткаў чамяроўца Максіма Тарасавіча, не сустрэў. Яго ў жніўні 1933 года арыштавалі супрацоўнікі ДПУ БССР і вывезлі на Салаўкі. А 9 кастрычніка 1937 года расстралялі.

Куды ж мне яшчэ ў Слоніме падацца? Іду па былой вуліцы 3 траўня, спадзяюся сустрэць сціплага і таленавітага Янку Бялькевіча з вёскі Варонічы. Няўжо сёння пад дажджом не спаткаю гэтага мовазнаўцу і педагога? І яго не ўбачыў, на жаль. А пагутарыць нам было б пра што. Ён жа у 1925-1927 гадах узначальваў Мсціслаўскі педтэхнікум, а потым быў спецыялістам Слоўнікавай камісіі Інбелкульта, затым Інстытута мовазнаўства Беларускай Акадэміі Навук… Не спаткаў і Янку Бялькевіча. Бо ў 1930 годзе яго рэпрасавалі і выслалі ў Марыйскую АССР, дзе ён працаваў на лесазаводзе нарміроўшчыкам. А пасля жыў у Марыупалі, бо дамоў вярнуцца яму не дазволілі. Там і памёр у 1960 годзе. І толькі праз дзесяць гадоў пасля смерці сваякі выдалі яго “Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны”.

Іду па вуліцах і завулках Слоніма далей. Няўжо не спаткаю свайго аднавяскоўца Мітрафана Тамільчыка. Ён яшчэ ў 1928 годзе скончыў Белдзяржуніверсітэт, а потым аспірантуру, працаваў выкладчыкам у Беларускім палітэхнічным інстытуце. І яго не спаткаў, па-зямляцку не паціснуў яму руку. Бо і яго 5 жніўня 1938 года расстралялі ў Курапатах…  

А дождж ліе і ліе... Чаму ж ты не спыняешся, дождж? Няўжо гэта насамрэч слёзы па тых маіх знакамітых земляках, якіх нахабна і беспадстаўна знішчылі ў ХХ стагоддзі?.. Дождж ідзе… Ён не супакойваецца і цяпер…

Сяргей Чыгрын

29.10.2017

праваабарончыя сайты