Навіны

Гарадзенская прэм’ера “Бежанцаў” Юрыя Каліны (шмат фота)

У Гарадзенскім цэнтры праваслаўнай культуры пры Свята-Пакроўскім саборы, вядомы беларускі рэжысёр з Беласточыны Юры Каліна, прадставіў сваю новую кінастужку “Бежанцы. 1915-1922 гг.” Нягледзячы на нядзельны падвячорак і кепскае надвор’е, гарадзенская прэм’ера сабрала больш за 150 гледачоў. Стужка распавядае пра падзеі часоў першай сусветнай вайны, калі ў 1915 г. царскія ўлады змусілі каля 3 мільёнаў чалавек пакінуць заходнія губерні Расейскай імперыі, пераважную большасць з гэтых людзей складала беларускае насельніцтва. Бежанства не перажыў 1 мільён уцекачоў, гэта было самае вялікае перамяшчэнне мірнага насельніцтва ў найноўшай гісторыі гэтай часткі Еўропы. Пасля паказу кінастужкі Юры Каліна адказаў на шматлікія пытанні гледачоў і распавёў як ствараўся гэты дакумент.

У завязаўшайся дыскусіі вядомы гарадзенскі гісторык, доктар гістарычных навук Генадзь Семянчук адзначыў: “На жаль, тэма бежанства ў сучаснай Беларусі не даследавана. Мы бачым, што ў суседняй Беласточчыне праводзяцца шматлікія мерапрыемствы на гэтую тэму, навуковыя канферэнцыі, даследаванні, выдаюцца кнігі і асобныя артыкулы ў лакальнай прэсе. У сучаснай Беларусі нічога гэтага няма, хоць у гістарычных архівах вельмі шмат дакумантаў, датычных гэтай тэмы. Дзякуючы гэтаму фільму, адкрываецца гэта трагічная старонка беларускай гісторыі і есць спадзяванне, што ў Беларусі перастануць замоўчваць гэтыя трагічныя падзеі”.

Гарадзенская прэм’ера гэтай кінастужкі адбылася дзякуючы настаяцелю Свята-Пакроўскага сабора айцу Георгію Рою і была прымеркавана да 110-годдзя з дня асвячэння Гарадзенскай праваслаўнай святыні, гісторыя якой вельмі шчыльна была звязана з лесам праваслаўных бежанцаў.

30.10.2017

праваабарончыя сайты