Навіны

85 гадоў з дня смерці Кіпрыяна Кандратовіча

Вайсковец, генерал, міністар Беларускай Народнай Рэспублікі Кіпрыян Кандратовіч памёр 31 кастрычніка 1932 года.

Фактычны сын графа Юрыя Трубяцкога, павятовага суддзі. Маці – Зінаіда Залеская –  дачка памешчыка, меўшага маёнтак Місевічы каля Зіневіч (зараз Лідскі раён), выйшла замуж на шляхціца Кандратовіча, чыё прозвішча і імя па бацьку Кіпрыян і атрымаў. Трубяцкія дапамагалі выхоўваць малога Кіпрыяна, далі магчымасць атрымаць адукацыю і пачаць ваенную кар'еру. Вучыўся ў Лідскай павятовай дваранскай школе. Ваенную службу пачаў у 1875 годзе ў Вільні.

 Удзельнічаў у расейска-турэцкай вайне 1877-78 гг. у шэрагах грэнадзёрскага корпуса. Праз некалькі год пасля вайны, у час навучання ў акадэміі, напісаў кнігу “Плеўна і грэнадзёры 28 лістапада 1877 г.”. Удзельнічаў у так званай кітайскай кампаніі 1900-га – падаўленні “паўстання баксёраў”. Служыў на Далёкім усходзе. Каля 1910-га пабраўся шлюбам з Адай фон Рыхтар, дачкой расейскага генерала фон Рыхтара.

У пачатку першай сусветнай быў у складзе расейскага войска ў Саколцы, потым у Беластоку. Войска ў выніку разладу ў камандаванні дзеіла хаатычна. Корпус Кандратовіча перамяшчаўся ў балтыйскім кірунку. Урэшце летам 1915-га разам з многімі іншымі вайсковымі кіраўнікамі быў адхілены з генеральскай пасады. Выйшаў у адстаўку і стаў шукаць свой далейшы шлях.

На момант адстаўкі, неаднаразова паранены ў баях беларускі генерал меў 61 год. Больш за тры гады, ад самага пачатку ў 1917-ым і практычна да канца, Кандратовіч працаваў над стварэннем беларускага войска – стрыжнем будучай дзяржавы. У 1917-ым на з'ездзе воінаў-беларусаў Заходняга фронту быў абраны ў Цэнтральную Беларускую Вайсковую Раду. Узяў на сябе працу па фармаванні беларускіх палкоў на Заходнім фронце і па перамовах са Стаўкай расейскага войска. Распрацаваў адпаведны план і атрымаў дазвол на стварэнне беларускага палка ў Менску, а ў наступным і беларускага корпуса на Заходнім фронце. Але рэвалюцыя 7 лістапада перакрэсліла магчымасць легальнага стварэння беларускага войска.

На пачатку траўня 1918-га на месцы Народнага сакратарыяту БНР была створана Рада міністраў пад кіраўніцтвам Рамана Скірмунта. Міністрам ваенных спраў быў прызначаны Кандратовіч. Ён прапанаваў праект арганізацыі 200-тысячнага беларускага войска і паведаміў, што віленскія банкіры ў падтрымку гэтай ідэі гатовы выдаткаваць значныя фінансавыя сродкі. Адзінай перашкодай, паводле Кандратовіча, была неабходнасць згоды немцаў і пастаўка праз іх зброі. У канцы 1918-га ў Гародні сфармаваў штаб – Беларускую камендатуру і 1-ы беларускі полк, які да канца красавіка 1919-га размяшчаўся ў Александраўскіх казармах і складаўся з пяці ротаў і аднаго эскадрона. У складзе дэлегацыі БНР вёў перамовы ў Парыжы.

Перад 2-й Сусветнай вайной, пасля пераводу ў Варшаўскую акругу, сям'я генерала купіла маёнтак Гародна ў Лідскім павеце: 500 га зямлі і лесу, дзе генерал пасяліўся разам з дачкой Верай і жонкай Адай. Апошнія гады Кандратовіч правёў у інвалідным крэсле, хварэючы стратай каардынацыі руху. Ён не мог хадзіць, і жонка наняла сталую прыслугу. Быў пахаваны ў тым самым мундзіры, у якім быў паранены ў 1905-ым. Пахаванне адбылося на Лідскіх праваслаўных могілках. 17 верасня 1939 г. Ада Кандратовіч вымушана была з’ехаць да дачкі ў Англію.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

31.10.2017

праваабарончыя сайты