Навіны

80 гадоў з дня нараджэння Яўгена Куліка

Беларускі мастак, кніжны графік, бібліяфіл Яўген Кулік нарадзіўся 31 кастрычніка 1937 году ў Менску. У энцыклапедыях ён пазначаны як мастацкі рэдактар часопісаў “Бярозка” і “Вясёлка”, аўтар рэканструкцыяў беларускіх замкаў, партрэтаў дзеячаў Беларушчыны. Адзін з заснавальнікаў суполкі “Пагоня”. Але галоўны плён яго працы – аўтарства эталону гербу “Пагоня” як дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь у найноўшай гісторыі. Гэты герб быў дзяржаўным сімвалам краіны ў 1991-95 гадах.

Яўген Кулік пасля другой сусветнай вайны скончыў Менскую мастацкую вучэльню ў 1957 годзе, а пасля Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1963 год). Вучыўся ў Л. Лейтмана, А. Малішэўскага, В. Цьвіркі, А. Мазалёва. Маючы жывапісную адукацыю, пасля сканчэння інстытуту пераарыентаваўся на графіку. З 1963 году браў удзел у мастацкіх выставах. Яго майстэрня, што знаходзілася ў Менску насупраць будынку КГБ, стала ў 1960-ыя гады нацыянальным асяродкам беларускай сталіцы і атрымала назоў “На паддашку”. Гэтая творчая суполка была адной з нешматлікіх нефармальных груповак у Беларусі, якая функцыянавала, нягледзячы на ціск уладаў, цягам трыццаці гадоў. Пазней мастакі гэтага асяродку склалі ядро творчай суполкі “Пагоня”. З канца 1980-ых гадоў у майстэрні Куліка збіралася ўжо не культурніцкая, а палітычная апазіцыя камуністычнаму рэжыму. Тут планаваліся многія акцыі Беларускага Народнага Фронту. Кулік уваходзіў у кіраўнічыя структуры БНФ, аздабляў розныя акцыі дэмакратычных сілаў.

Яўген Кулік быў сябрам Беларускага саюзу мастакоў з 1965 году. Быў абраны старшынём камісіі БСМ па народным мастацтве. Ніколі не быў сябрам камсамолу і камуністычнай партыі, ён гаварыў выключна па-беларуску. Аўтар станковых аркушаў і эсклібрысаў. Аздабляў кнігі для дзяцей і дарослых, класіку і сучаснасць – пераважна беларускіх аўтараў. Працаваў мастаком у дзіцячым часопісе “Вясёлка”. Вельмі вядомыя яго графічныя нізкі “Помнікі дойлідства Гарадзеншчыны”, “Замкі Беларусі”, “Храмы Беларусі”, “Сцяжынамі Язэпа Драздовіча”, “Паўстанне 1863 г. у Беларусі”. У 1970-80-ыя гады шмат займаўся кніжнай графікай, аформіў дзясяткі кніжак, найлепшымі з іх былі: “Слова аб палку Ігаравым”, “Ад гоману бароў” Александровіча, “Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык” Максіма Багдановіча, “Сонечны клубочак” Васіля Зуёнка. Сапраўдным шэдэўрам мастака сталася кніга “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага.

Разам са сваім аднадумцам Лявонам Баразном Кулік стварыў цэлую нацыянальна-рамантычную плынь у беларускім пасляваенным мастацтве. У 1991 годзе разам з Уладзімірам Крукоўскім стаў адным з аўтараў эталону гербу “Пагоня”, які выкарыстоўваўся як дзяржаўны герб Беларусі да 1995 году. Яскравую характарыстыку Куліку даў вядомы мастак Уладзімір Басалыга: “Яўген Кулік быў нібы ганец, якога ў старажытныя часы высылалі з княскага войска несці на Бацькаўшчыну добрыя весткі. Кулік прынёс беларусам вестку пра Адраджэньне”.

Апошнія гады жыцця Яўгена Куліка былі надзвычай цяжкімі. З гадамі ў яго пачала праяўляцца рэдкая хвароба суставаў. Мастака нібыта скручвала, косткі рабіліся крохкімі. Раз, паслізнуўшыся ўзімку, Кулік атрымаў ажно дванаццаць пераломаў. Памёр мастак 12 студзеня 2002 году. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Менску. У лістападзе 2005 году на могілках быў адкрыты помнік.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

 

31.10.2017

праваабарончыя сайты