Навіны

Новы фармат ушанавання памяці паўстанцаў 1863-1864 гг.

Ушанаванне памяці паўстанцаў Каліноўскага праходзіць у новым фармаце. Сёлета арганізатары традыцыйнага Свіслацкага фэсту ў гонар паўстанцаў 1863-1864 гадоў запрашаюць наведваць памятныя мясціны ў любы зручны час. І гаворка ідзе не толькі пра Свіслач ды Якушоўку на Гарадзеншчыне, але пра ўсе месцы ў Беларусі, звязаныя з паўстаннем.

Як кажа шматгадовы арганізатар Свіслацкага фэсту Уладзімір Хільмановіч, у гэтым годзе вырашылі не збірацца разам у адзін дзень, каб пазбегнуць масавага пераследу і штрафаў:

– Многія ўдзельнікі ўжо баяліся прыязджаць у канкрэтна вызначаны дзень, бо вельмі падвяргаліся пільнаму пераследу, сачэнню ў гэты дзень. Таму мы запрапанавалі прыязджаць у розныя дні, каб агульная колькасць была не меншая, а большая нават. А з іншага боку, каб не падстаўляць грамадскіх актывістаў, бо грамадская супольнасць пасля гэтых фэстаў у Свіслачы проста замучаная вялізнымі штрафамі.

Уладзімір Хільмановіч запэўнівае, што на наступны год запланаванае вяртанне да традыцыйнага фармату Свіслацкага фэсту, пры тым, што будуць адзначацца 155-ыя ўгодкі пачатку нацыянальна-вызвольнага паўстання. Арганізатары хочуць правесці з гэтай нагоды шэраг разнастайных мерапрыемстваў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/novy-farmat-ushanavannya-pamyatsi-pausta/

31.10.2017

праваабарончыя сайты