Навіны

25 гадоў Беларусь без Міхася Ткачова

Роўна 25 гадоў таму – 31 кастрычніка 1992 года ў Менску памёр Міхась Ткачоў, выдатны беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, археолаг, педагог. Навукоўцу было толькі 50 гадоў.

Нарадзіўся ён 10 сакавіка 1942 года ў старажытным Мсьціславе ў настаўніцкай сям’і Алеся Рыгоравіча і Дамінікі Сямёнаўны Ткачовых. Бацька ў тым жа годзе загінуў на фронце пад Ленінградам і пасля вайны Міхася выхоўваў айчым. Пачатковую адукацыю атрымаў у Мсьціславе ў сямігодцы №3. У 1959-ым паступіў на гістарычны факультэт БДУ. Першы курс, аднак, давучыўся завочна, бо паводле адмысловых савецкіх законаў мусіў вярнуцца ў Мсьціслаў, у калгас імя Варашылава, працаваць паляводам. Студэнцкія гады ўмацавалі нацыянальнае пачуццё Міхася Ткачова. Пасля заканчэння вучобы і размеркавання ў 1964-ым амаль пяць гадоў настаўнічаў у Жодзіне, быў завучам. Пры падтрымцы Пятра Глебкі паступіў у 1968-ым у аспірантуру Інстытуту гісторыі АН БССР. Там узяўся за распрацоўку тэмы “Ваеннае дойлідства Беларусі XII—XVII ст.”. З 1969-га па 1972-і вёў раскопкі замкаў і умацаванняў у Наваградку, Гародні, Лідзе, Койданаве, Крэве, Міры, Геранёнаў Мядзелу, Лепеля, Іказні, Камянцу, у іншых мясцінах. У 1972-ім абараніў кандыдацкую дысертацыю, на аснове якой былі выданыя кнігі “Абарончыя збудаванні зямель Беларусі” (1978), а таксама “Замкі Беларусі” (1977).

У 1978 годзе прыняў запрашэнне з Гародні на працу ў мясцовы ўніверсітэт. Спачатку працаваў выкладчыкам, у 1983-85-ым – загадчык катэдры. Вазіў студэнтаў у розныя гарады Беларусі на раскопкі. У 1987-ым вёў раскопкі Якушоўкі – родавага гнязда Каліноўскіх. У тым жа годзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэме “Арганізацыя абароны гарадоў Беларусі XIV-XVIII ст.”.

У гарадзенскі перыяд Ткачоў меў некалькі сутыкненняў з мясцовым кіраўніцтвам, выкліканых перашкодамі, якія чыніў навуковец знішчэнню старажытнай гарадской забудовы. Справы даходзілі да Савету міністраў СССР, Ткачова спрабавалі выключыць з КПСС і прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці “за клевету на органы Советской власти”, “за ввод в заблуждение председателя Совета министров СССР”. Аднак гісторык урэшце перамог.

Напрыканцы 1980-ых Ткачоў уключыўся ў актыўную грамадскую і палітычную дзейнасць. Стаў кіраўніком легендарнага гісторыка-культурніцкага клубу “Паходня”. У 1989-ым вылучаўся кандыдатам у народныя дэпутаты СССР. супрацьстаяў камуністычнаму вылучэнцу, сакратару аблвыканкаму Сямёнаву. У час выбарчай кампаніі на Ткачова камуністычнымі прапагандыстамі было выліта шмат бруду. Неўзабаве гісторык выйшаў з КПСС і дзеіў далей ужо толькі ў рэчышчы нацыянальна-адраджэнцкага руху.

Пасля пераезду ў Менск ў 1989-ым удзельнічаў ва ўтварэнні “Мартыралогу Беларусі”, уваходзіў у Аргкамітэт БНФ “Адраджэньне”, стаў намеснікам старшыні Сойму БНФ. Быў ініцыятарам аднаўлення ў Беларусі сацыял-дэмакратыі, з сакавіка 1991-га – старшыня Цэнтральнай рады адноўленай партыі БСДГ. 

Працаваў у рэдакцыі “Беларускай Савецкай Энцыклапедыі”, спярша загадчыкам рэдакцыі гісторыі Беларусі, з 1992-га – галоўным рэдактарам “Беларускай Энцыклапедыі”. Быў адным з ініцыятараў выданняў “Энцыклапедыя археалогіі і нумізматыкі Беларусі” і “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі”. Ужо хворым, у апошнія гады жыцця ён перавыдаў “Замкі і людзі”, у суаўтарстве – кніжкі “Вялікае мастацтва артылерыі”, “Старажытны Мсьціслаў”.

Пахаваны Міхась Ткачоў ў Менску на сталічных Усходніх могілках. У Гародні на доме, дзе ён жыў, усталявана памятныя шыльда (праспект Будаўнікоў-27). У Мсьціславе памятная шыльда ёсць на будынку, дзе ён вучыўся.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/25-gadou-belarus-bez-mikhasya-tkachova/

31.10.2017

праваабарончыя сайты