Навіны

Алексіевіч, Бяляцкі, Вячорка, Дынько падпісалі Пражскі заклік да дэмакратычных абнаўленняў

Прэзентацыя Кааліцыі за дэмакратычнае абнаўленне падчас Форуму 2000. Фота: forum2000.cz

Інтэлектуалы, грамадскія актывісты і палітыкі з розных краінаў аб’ядналіся ў Кааліцыю за дэмакратычнае абнаўленне (КДА), каб процідзейнічаць аўтарытарным праціўнікам дэмакратыі і падтрымліваць адважных людзей, якія змагаюцца за свабоды ў недэмакратычных сістэмах па ўсім свеце. Афіцыйная прэзентацыя Кааліцыі адбылася ў кастрычніку ў Празе падчас штогадовай канферэнцыі “Форум 2000”.

У КДА ўваходзяць беларуская Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, амерыканскі пісьменнік, філосаф і палітолаг Фрэнсіс Фукуяма, расійскі шахматыст і палітычны дзеяч Гары Каспараў, французскі філосаф Бернар-Анры Леві, лідар студэнцкага руху і заканадаўца з Ганконга Нэйтан Ло, амерыкана-брытанская журналістка і пісьменніца Эн Эплбаўм, балгарскі палітолаг Іван Крысцеў, кубінская моладзевая актывістка Роза Марыя Пайя, а таксама Іван Гавел, навуковец і брат былога прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавела.

Пражскі заклік 26 траўня 2017 года з’яўляецца статутным дакументам КДА.

Няма апраўдання маўчанню або бяздзейнасці. Мы не смеем чапляцца за ілюзію бяспекі ў той час, калі дэмакратыя знаходзіцца пад пагрозай. Цяперашні крызіс дае магчымасць мабілізаваць адданых дэмакратаў, і мы павінны падхапіць гэты працэс, - лічаць ініцыятары Пражскага закліку.

На момант запуску дакумент падпісалі 180 чалавек.

Сярод падпісантаў шмат вядомых асобаў – праваабаронцаў, дысідэнтаў, грамадскіх і палітычных дзеячаў: Карэл Шварцэнберг (Чэхія), Ёані Санчэс (Куба), Анар Мамедлі і Лэйла Юнус (Азербайджан), Яўген Жоўціс (Казахстан), Майна Кіяі (Кенія), Уладзімір Кара-Мурза(Расія), Роберт Хорд (Швецыя), Міклаш Харасці (Венгрыя), Рычард Гір (ЗША), Мустафа Джэмілеў (Україна).

У доўгім спісе - чатыры беларускія імёны: апроч Святланы Алексіевіч, да Пражскага закліку далучыліся кіраўнік ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі, шэф-рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынькоі журналіст Франак Вячорка.    

У дакуменце гаворыцца, што ў будучым Кааліцыя за дэмакратычнае абнаўленне стане шырокім і інтэрактыўным форумам для абмену ідэямі наконт спосабаў вырашэння складаных новых задач, якія стаяць перад дэмакратыяй - такіх як статычнасць або пагаршэнне жыццёвых стандартаў для многіх грамадзянаў, захады супраць павелічэння іміграцыі, рост «палітыкі постпраўды» ў эпоху сацыяльных сетак і іншыя. Гэты глабальны цэнтр таксама “будзе прасоўваць і заахвочваць эфектыўныя формы дзеянняў па адраджэнні веры ў эфектыўнасць дэмакратычных інстытутаў”.

Пражскі заклік да дэмакратычных абнаўленняў ад 26 траўня 2017 года. 
Поўны тэкст дакумента  http://spring96.org/be/news/88199

 

http://spring96.org/be/news/88199

31.10.2017

праваабарончыя сайты