Навіны

Някляева асудзілі на 10 сутак арышту за заклікі, якіх ён не рабіў

Уладзімір Някляеў у судзе

У 10 гадзін раніцы 1 лістапада суд Ленінскага раёна г. Мінска пачаў разгляд адміністрацыйнай справы супраць паэта Уладзіміра Някляева. Яго вінавацілі па арт. 23.34 КаАП, спасылаючыся на артыкул на сайце “Хартыі”, дзе ён нібыта заклікаў да ўдзелу ў акцыі “Марш абураных беларусаў 2.0”.

У пратаколе, які разглядала суддзя Святлана Метлянок, няма канкрэтыкі аб здзейсненным правапарушэнні. Тым больш, што Уладзімір Някляеў не даваў інтэрв’ю непасрэдна “Хартыі”. Ён прасіў суд далучыць да справы яго інтэрв’ю, якое ён непасрэдна даваў “Белсату”, і вызваць у якасці сведкі першага намесніка старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алеся Пашкевіча. Суд хадайніцтвы задаволіў.

Сведка патлумачыў, што сакратарыят Саюзу праводзіў аналіз выказвання Уладзіміра Някляева і прыйшоў да высновы, што публікацыя на “Хартыі” не з'яўляецца першакрыніцай, а проста ўтрымлівае цытату і журналісцкую апрацоўку, якая не супадае з выказваннем для Белсату. Акрамя таго, само выказванне не ўтрымлівае закліку да ўдзелу ў акцыі, а маецца ў ім толькі сінтаксічная канструкцыя ўмоўнага парадку. Таму СБП прасіў суд аб скасаванні гэтага абвінавачвання.

Зварот Саюза беларускіх пісьменнікаў у абарону Уладзіміра Някляева

Мінгарвыканкам у сваім адказе на пісьмовы запыт з суда пацвердзіў, што Уладзімір Някляеў нават не быў заяўніком на правядзенне акцыі, а толькі Мікалай Статкевіч. Удзелу ў акцыі паэт таксама не прымаў.

Да справы таксама быў далучаны ліст ад БАЖ, які правёў параўнальны аналіз артыкулаў на "Хартыі" і "Белсаце". У судзе праглядзелі тэлесюжэт "Белсата" з інтэрв’ю паэта.

У сваю чаргу Беларускі ПЭН-цэнтр выступіў з заявай у абарону Уладзіміра Някляева, у якой адзначыў, што калі суд будзе мець сваім вынікам якое-небудзь пакаранне для паэта, літаратурнае аб'яднанне праінфармуе пра гэты факт Міжнародны ПЭН-клуб з тым, каб яго экспэрты выказалі свае адносіны да выканання Беларуссю прынятых на сябе абавязальніцтваў у галіне свабоды выказванняў.

Аднак, усе гэтыя довады не паўплывалі на разуменне суддзёй сутнасці справы: Святлана Метлянок пакарала Уладзіміра Някляева дзесяццю суткамі адміністрацыйнага арышту. Аднак адбываць пакаранне яго не забралі.

http://spring96.org/be/news/88205

02.11.2017

праваабарончыя сайты