Навіны

Сталі вядомыя падрабязнасці пра збітую міліцэйскім начальнікам з Гародні жанчыну

Дачка Тамары Казыры распавяла, што ўсё адбылося на пешаходным пераходзе.

26 кастрычніка міліцэйскі начальнік з Гародні Уладзімір Сацюк збівае на ўласным аўто жыхарку вёскі Бярозаўка Лідскага раёна Тамару Казыру. У афіцыйных навінах гэтая інфармацыя з'яўляецца толькі праз 5 дзён, 1 лістапада.

З афіцыйных паведамленняў незразумела, дзе і пры якіх абставінах была збітая жанчына. Сваякі распавялі euroradio.fm, што Тамара Казыра пераходзіла дарогу на пешаходным пераходзе. Гэта было ўвечары, пад 19 гадзін. Жанчына заўсёды носіць флікер.

"Мама пераходзіла дарогу на пешаходным пераходзе. Там асвятленне, ліхтар. Цяпер мне нічога не гавораць, пакуль ідзе следства. Пакуль не вельмі яна сябе адчувае. Да яе ходзяць следчыя", - распавядае дачка пацярпелай Ксенія.

ТАК ВЫГЛЯДАЕ МЕСЦА ДТЗ НА КАРЦЕ

Цяпер Тамара знаходзіцца ў Лідскім шпіталі, жанчына перанесла аперацыю на руцэ і назе. Лекары ацэньваюць яе стан як станоўчы.

"Адчувае сябе добра. Учора ёй зрабілі аперацыю на руцэ і назе, бо там былі аскепкавыя пераломы. Цяпер аднаўляецца", - паведамілі ў лякарні.

Уладзімір Сацюк займае пасаду намесніка начальніка УУС Гарадзенскага аблвыканкама і начальніка міліцыі грамадскай бяспекі амаль 8 гадоў. Палкоўнік родам з Берасця. У яго тры вышэйшыя адукацыі: скончыў БДУІР, Акадэмію МУС, Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. У сакавіку, да 100-годдзя беларускай міліцыі, дзяржаўная тэлевізія прысвяціла Уладзіміру сюжэт.

На Уладзіміра Сацюка распачалі крымінальную справу паводле артыкула "Парушэнне правілаў руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што пацягнула з неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання" (ч 2 арт 317 КК). Усе абставіны здарэння вывучае Следчы камітэт. І пакуль не паведамляе ніякіх падрабязнасцяў:

Месца аварыі - гэта скрыжаванне вуліц Дзяржынскага і Карзюка. Там сапраўды ёсць пешаходны пераход праз вуліцу Карзюка, адразу каля вуліцы Дзяржынскага. Рух на дарозе насычаны, бо гэта дарога паміж Наваградкам і Лідай.

Увечары 26 кастрычніка, калі адбылася аварыя, быў дождж, пацвярджаюць супрацоўнікі аўтастанцыі. Яна знаходзіцца за 100 метраў ад месца здарэння.

"Адсюль нічога не відаць было, бо быў дождж", - расказваюць супрацоўнікі аўтастанцыі.

Відавочцы кажуць, што абставіны аварыі на месцы здарэння высвятлялі восем гадзін.

За апошні час налічваем мінімум 5 выпадкаў, калі супрацоўнікі міліцыі ствараюць ДТЗ

Сакавік 2016 года. Маёр міліцыі і інспектар ДПС з Воршы збівае васьмікласніцу, яна трапляе з пераломам у шпіталь. У крыві ў супрацоўніка ДАІ знаходзяць 1,6 праміле алкаголю. Яго звальняюць з органаў.

Лістапада 2017 года. П'яны начальнік ДАІ Баранавічаў да смерці збівае 36-гадовую жанчыну. Яму прысудзілі 7 гадоў калоніі.

Красавік 2017 года. За стырном затрымліваюць п'янага начальніка Столінскага РАУС Вячаслава Філіпчыка. Яму прысудзілі штраф і звольнілі з органаў.

Красавік 2017 года. Супрацоўнік міліцыі збівае на BMW двух пешаходаў у Старых Дарогах. Абодва пешаходы былі п'яныя.

Жнівень 2017 года. П'яны супрацоўнік міліцыі выязджае на сустрэчную паласу і тараніць плот. Пацярпела 18-гадовая дзяўчына, якая знаходзілася на пярэднім сядзенні. Пасля ўжо былога міліцыянта асудзілі на 5 гадоў калоніі.

https://charter97.org/be/news/2017/11/2/267917/

02.11.2017

праваабарончыя сайты