Навіны

Дзяды ў Гародні

Дзяды ў Гародні адзначалі людзі на розных пляцоўках і ў розны час. З раніцы на могілках „Сакрэт”, што на праспекце Касманаўтаў, прайшла памінальная малітва, якую ладзілі сьвятары катэдры Сьвятога Францішка Ксаверыя. З абеда гарадзенскія нацыянальныя дзеячы прыйшлі туды пакланіцца магілам беларускіх патрыётаў.

Ля магілы Апанаса Цыхуна, вядомага педагога, паэта і збіральніка гарадзенскага дыялекту выступіў з ягоным вершам сябра ТБМ Іван Буднік.

– Апанас Пятровіч Цыхун шмат жыцця аддаў вывучэнню асаблівасці гаворкі Гарадзеншчыны. І напісаў добрую кніжку. Я яму пісаў: “Цыхун збіраў скарбы народнае мовы, як пчолы нястомна збірюць няктар. Нашчадкам прынёс Усявышняга дар. Цыхун збіраў скарбы народнае мовы”.

Паказальнай зменай на могілках стала тое, што ўсё часьцей пачалі ўсталёўвацца надмагіллі па-беларуску. Гэта сведчыць пра рост самасвядомасці дзяцей тых беларусаў, якія рамантуюць і аднаўляюць старыя пахаванні. Сваімі ўражаннямі падзяліўся Эдвард Дмухоўскі, гісторык.

– Традыцыйна на Дзяды мы прыходзім на гэтыя могілкі. Прыходзім да сваіх сяброў, калегаў. І прыходзім да тых, хто змагаўся за гэтую Беларусь словам і справай, сваім жыццём. І тут хочацца ўзгадаць тых, каго ведалі асабіста. Спадар Міхальчык – адзін з кіраўнікоў БНФ у Гародні, Дзіма Кісель – наш сябра.

Агулам сябры гарадзенскіх дэмакратычных і нацыянальных арганізацыяў наведалі каля двух дзясяткаў магілаў беларусаў, паставіўшы зьнічкі і ўсклаўшы кветкі. Апрача могілкаў „Сакрэт” яшчэ адна група гарадзенскіх нацыяналістаў наведала старыя могілкі на вуліцы Антонава, дзе таксама аддала даніну памяці нашым папярэднікам.

20171102_12573520171102_13102520171102_13184320171102_13311620171102_13455420171102_13581220171102_14065120171102_145225

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/dzyady-u-garodni/

02.11.2017

праваабарончыя сайты