Навіны

Жыхарка Смаргоні Святлана Дугаржавіна: Належнага ўліку выплачаных насельніцтвам сродкаў у ЖКГ няма

У першым паўгоддзі 2017 года ў пад'ездзе дома жыхаркі Смаргоні Святланы Дугаржавінай быў зроблены бягучы рамонт пад'езда. 

Як вядома, пачынаючы з 2015 г., ён робіцца за кошт жыхароў.

У гэтай справе цікава тое, што дзяржава ніяк не ўлічвае грошы, якія жыхары да 2015 г. плацілі праз кватэрную плату на дадзены від рамонту. А таму Святлана Дугаржавіна паставіла перад жыллёва-камунальным органам Смаргоні пытанне: залічыце у кошт рамонту грошы, якія я плаціла з 2000 г., у якім апошні раз быў зроблены такі рамонт. Але ў адказе ёй паведамляецца, што сродкі, раней выплачаныя за тэхабслугоўванне, не ўяўляецца магчымым залічыць у кошт аплаты за бягучы рамонт пад'езда, бо рамонт у наш час робіцца за кошт жыхароў. А дзе ж падзеліся сродкі, атрыманыя жыллёва-камунальным органам раней? Адказу няма.
З гэтай нагоды Святлана звярнулася ў абласную інстанцыю. Адказ ад 19.09.2017 №Д-378 з упраўлення-жыллёва камунальнай гаспадаркі аблвыканкаму быў несуцяшальны. У ім увогуле нічога не гаворыцца, чаму дзяржава прысабечыла грошы. Затое аж на трох старонках старшыня ўпраўлення Алена Каспяровіч распавядае пра парадак рамонту.

Зразумела, такі адказ Святлану не задаволіў. І яна 1 лістапада 2017 г. звярнулася ў Міністэрства жыллёва камунальнай гаспадаркі ўсё з тым жа пытаннем. І дадала, што няма нарматыўнага акту, які забараняе рабіць залік выплачаных грамадзянамі да 2015 г. сродкаў у кошт бягучага рамонту пад'ездаў. Няма таксама нарматыўнага акту, паводле якога выплачаныя грамадзянамі да 2015 г. сродкі канфіскуюцца дзяржавай.

У канцы свайго звароту Святлана выказвае меркаванне, што атрыманыя ёй раней адказы на звароты сведчаць пра тое, што належнага ўліку выплачаных насельніцтвам сродкаў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы  няма. Таму правільна, што гэтую службу паўсюдна крытыкуюць.

 

 

03.11.2017

праваабарончыя сайты