Навіны

Праваахоўнікі запужваюць сем’і актывістаў начнымі тэлефанаваннямі

Прадстаўнікі праваахоўных органаў працягваюць выкарыстоўваць нефармальныя размовы як інструмент ціску на актывістаў. Пра нядаўні выпадак распавяла актывістка анархічнага руху з Маладзечна.

Раптоўны тэлефонны званок у кватэры, дзе N (дзяўчына не хоча называць сваё імя) жыве з бабуляй і дзядулем, раздаўся ў суботу 28 кастрычніка, на пачатку дванаццатай гадзіны ночы. У гэты момант яе дома не было, таму трубку зняла бабуля. Тэлефанаваў невядомы мужчына, які прадставіўся супрацоўнікам праваахоўных структураў (жанчына не запомніла, якіх менавіта) і пачаў распытваць яе пра ўнучку.

“Як мне пасля распавяла бабуля, гэты чалавек напрацягу ўсёй размовы недвухсэнсоўна даваў зразумець, што яны ўсё пра мяне ведаюць. Казаў нават, што ведаюць аб тым, што я вучылася ў музычнай школе. Суразмоўца распытваў, чаму я жыву з бабуляй і дзядулем, а не з бацькамі, і як даўно жыву ў гэтай кватэры. Цікавіўся, на якія сродкі я жыву, дзе  працую, з кім маю зносіны, дзе знаходжуся ў дадзены момант. Таксама распытваў пра майго малодшага брата: дзе вучыцца, якія мае стасункі са мной”, -  распавядае N.

Напрыканцы размовы чалавек паабяцаў, што ў хуткім часе ён з калегамі зойдзе “ў госці пагутарыць”. Са слоў дзяўчыны, яе сваякі дагэтуль адчуваюць сябе некамфортна і не разумеюць прычынаў таго званка.

“Бабуля ўсё ж чалавек сталага ўзросту, таму яна, канешне, моцна спужалася, разгубілася. Таму, як яна кажа, і не змагла яму нічога дакладнага адказаць. Але і адмовіцца ад сустрэчы яна таксама не змагла. Я лічу, што гэта адкрытае ўварванне ў прыватнае жыццё, таму хачу, каб тое, якімі метадамі гэтыя людзі працуюць, не заставалася без увагі”.

N звязвае такую зацікаўленасць з боку праваахоўнікаў са сваёй актыўнасцю ў анархічным руху і сяброўствам з актывістам Вячаславам Касінеравым (яны разам праходзяць пацярпелымі па справе аб нападзе ў цэнтры Маладзечна). Дзяўчына мяркуе, што мэта такіх званкоў і гутарак – аказанне псіхалагічнага ціску на актывістаў і іх сваякоў.  

http://spring96.org/be/news/88232

03.11.2017

праваабарончыя сайты