Навіны

Мікалай Статкевіч выйшаў на волю пасля пяцісуткавага арышту

Адзін з лідараў беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч вызвалены пасля пяцісуткавага арышту. Гэтае пакаранне яму было прызначанае за акцыю 8 верасня ў цэнтры Менска.

Статкевіч павінен быў выйсці ў 20.30 з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС. У гэты час яго жонка Марына Адамовіч пацікавілася ў дзяжурнага ЦІП, дзе Статкевіч. Ёй адказалі, што ён „вызвалены па часе”. Аднак з ЦІП палітык не выходзіў.

Каля 20.45 Адамовіч патэлефанавала ў Ленінскае РУУС, дзе ёй паведамілі, што Статкевіч знаходзіўся там, затым яго адпусцілі.

Неўзабаве Статкевіч выйшаў на сувязь з жонкай.

Нагадаем, 8 верасня ў цэнтры Менска прайшла несанкцыянаваная акцыя супраць беларуска-расійскіх вучэнняў „Захад-2017”, якая была арганізаваная афіцыйна не зарэгістраваным Беларускім нацыянальным кангрэсам. У савет БНК уваходзяць вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы, Статкевіч з`яўляецца сустаршынёй арганізацыі.

БелаПАН

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/mikalaj-statkevich-vyjshau-na-volyu-pasl/

05.11.2017

праваабарончыя сайты