Навіны

Наталля Канюк – лаўрэатка прэміі Юзафа Ядкоўскага 2017 года (фота)

У Гародні 4 лістапада урачыста абвесцілі лаўрэата прэмі іімя Юзафа Ядкоўскага 2017 года. Пасмяротна лаўрэаткай стала вядомая краязнаўца Наталля Канюк, якая на працягу шматлікіх гадоў даследавала розныя аспекты гарадзенскага жыцця і друкавала свае матэр’ялы на старонках гарадскіх перыядычных выданняў. Спадарыня Наталля не толькі даследавала гарадзенскую мінуўшчыну, а больш як за пяць гадоў займалася адраджэннем гарадзенскага батанічнага саду які ў свой час заклаў Жан Эмануэль Жылібер. Дзякуючы яе намаганням у Старым гарадскім парку з’явілася каля 70 відаў новых раслін, яна марыла стварыць у даўнім будынку медычнай акадэміі квяцярню і аранжэрэю, побач на падворку закласці аптэкарскі агарод і усталяваць помнік Жыліберу. Яна выношвала самыя неверагодныя планы і верыла у іх рэалізацыю, але на жаль жыццё чалавека на зямлі абрываецца. Наталля Канюк памерла 10 студзеня 2017 года. Ёй было 68 год. Абвяшчаючы сёлетняга лаўрэата узнагароды імя Юзэфа Ядкоўскага, вядомы гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч адзначыў: “Самае галоўнае – каб жыла памяць пра даследчыка і жыла яго праца. Сёлетнюю ўзнагароду мы прысвячаем спадарыні Наталлі Канюк у выглядзе зборніка яе прац. “Хранитель Жилибертии” – так мы яго назвалі. Жылібертыя – гэта назва рэдкай расліны першаадкрывальнікам якой быў Жан-Эмануэль Жылібер. Расліну гэтую спадарыня Наталля неверагодным чынам выгадавала ў сябе дома. Гэта кніга – наша падзяка і даніна памяці нашай калезе”. На ўрачыстасці  прысутнічалі вядомыя гісторыкі, краязнаўцы, сябры, блізкія і родныя Наталлі Канюк. Кніга выйшла ў выдавецтве ЮрСаПрынт.

Узнагарода імя Юзафа Ядкоўскага  была заснавана ў 2012 годзе для ўшанавання людзей, якія найбольш паспрыялі папулярызацыі гарадзенскай гісторыі, а таксама захаванню культурнай і прыроднай адметнасці Прынёманскага краю. Сярод лаўрэатаў прэміі Юзафа Ядкоўскага такія выдатныя асобы як Алесь Госцеў, Таццяна Касатая, Віктар Саяпін, Федар Ігнатовіч, Андрэй Вашкевіч і Таццяна Еўдакімава.

Традыцыйна ўзнагарода ўручаецца на дні Святога Губерта – нябеснага заступніка нашага гораду.

05.11.2017

праваабарончыя сайты