Навіны

Справаздача па маніторынгу масавага мерапрыемства «Дзяды» 5 лістапада ў Мінску

5 лістапада 2017 года ў Мінску адбыліся мемарыяльныя шэсце і мітынг, прысвечаныя Дню памяці продкаў Дзяды.

Высновы:

  1. Масавае мерапрыемства насіла выключна мірны характар (калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар"). Удзельнікамі не выкарыстоўваліся заклікі да гвалтоўных дзеянняў, але, у той жа час, асобныя ўдзельнікі выкарыстоўвалі заклікі “смерцьакупантам” і “смерць маскалям”, што можа ацэньвацца як  мова варожасці.

  2. У ходзе масавага мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі выконвалі хутчэй кантрольную і наглядную функцыю за ўдзельнікамі, чым ахоўную: не рэагавалі сваечасова на правакацыйныя ці канфліктныя дзеянні з боку мінакоў, не былі абазначаныя належным чынам, што стварала пагрозу бяспецы ўдзельнікаў. Двойчы ўзнікалі канфліктныя сітуацыі, у адной з іх супрацоўнікі міліцыі ў цывільным умяшаліся толькі пры ўжыванні фізічнага гвалту з боку канфліктуючых асобаў.

  3. Тройчы супрацоўнікі ДАІ разрывалі рух калоны (на вуліцы Каліноўскага, Лагойскім тракце, вуліцы Мірашнічэнкі), хаця пры пераходзе праз вуліцу Валгаградскую былі знятыя агароджы, а таксама быў забяспечаны безперапынны рух пры перасячэнні вуліцы Філімонава. Такія дзеянні сведчаць пра наяўнасць тэхнічных магчымасцяў у поўнай меры рэалізаваць права на мірныя сходы праз бесперашкодны рух калоны. Матывацыя адмовы ад спрыяння ўдзельнікам мерапрыемства на карысць машыннага руху не была зразумелая. 
      
  4. Супрацоўнікі праваахоўных органаў не перашкаджалі ажыццяўленню назірання і працы СМІ, але супрацоўнікі міліцыі ў цывільным здымалі на відэа пасведчанні назіральнікаў крупным планам, а супрацоўнік інфармацыйнай групы быў толькі ва ўрочышчы Курапаты і адмовіўся ад любой камунікацыі.

Метадалогія маніторынгу

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Рэспубліцы Беларусь на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас зрокавага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі распрацаваныя сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі і журналістамі сваіх функцый, паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў органаў аховы правапарадку, а таксама наяўнасць на масавым мерапрыемстве хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правіл і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць прынцыпам права; адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца асобна ад удзельнікаў. Яны пазначаныя бэйджамі назіральніка і сінімі камізэлькамі з надпісам "#controlBY".

Папярэдняя інфармацыя

30 кастрычнніка 2017 года ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя пра тое, што Мінскі гарадскі і абласны выканкамы дазволілі правядзенне ў нядзелю 5 лістапада традыцыйнага шэсця і мітынгу ў Курапатах.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 5 назіральнікаў і назіральніц, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі пазначаныя належным чынам.

Ход масавага мерапрыемства

Падчас масавага мерапрыемства былі адзначаны наступныя факты:

  1. Удзельнікі акцыі і прадстаўнікі СМІ пачалі збірацца каля будынку гадзіннікавага завода “Луч” (пр. Незалежнасці 95) каля  11:20. Частка ўдзельнікаў (каля 15 чалавек) са сцягамі сабралася у пачатку бульвара Талбухіна і пазней далучыліся да астатніх удзельнікаў. Непасрэдна пачатак шэсьця быў анансаваны на 12:00.

  2. Удзельнікі стаялі групай ля будынку, трымалі ў руках сцягі, плакаты, транспаранты, крыжы з нацыянальнай сімволікай, штучныя кветкі. Таксама агучвалі лозунгі. Колькасць ўдзельнікаў складала да 230 чалавек.

3. Арганізатары былі абазначаныя бэйджамі, некалькі чалавек выконвалі функцыі дружыны з павязкамі на рукавах.

4. Каля 45 супрацоўнікаў міліцыі прысутнічалі ў цывільнай вопратцы, апазнаць іх можна было толькі толькі па рацыях, слухаўках і іншых спецыфічных прыкметах. Супрацоўнікі распалагаліся групамі па 2-3-4 чалавекі вакол месца правядзення акцыі. Не менш за чатыры з іх здымалі падзеі на ручныя камеры. Прысутнічалі супрацоўнікі ДАІ, прадстаўнікі ГУУС Мінгарвыканкама. Таксама ўздоўж бульвара Талбухіна стаяў міліцэйскі транспарт, праз дарогу каля парка Чалюскінцаў стаяла машына з прыладамі для гука- і відэафіксацыі.

5. Перашкодаў працы СМІ і назіральнікаў не было, але яшчэ перад пачаткам шэсця супрацоўнікі міліцыі ў цывільнай вопратцы падыходзілі да назіральнікаў і назіральніц з патрабаваннем паказаць пасведчанне назіральніка з таго боку, дзе бачны здымак і імя. У сярэдзіне шэсця ў аднаго з назіральнікаў прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкам самастойна перавярнуў бэйдж  без дазволу назіральніка.

6. У 12:07 пачалося непасрэдна само шэсце па запланаваным маршруце.

7. Падчас шэсця выкарыстоўвалася наступная сімволіка: расцяжкі з тэкстам “Дзяды”, “Хайсы - Віцебскія Курапаты”, “Кансэрватыўна-Хрысціанская Партыя - БНФ”, “Партыя БНФ”, “Курапаты - наш народны мемарыял!”, “Прывід камунізму - квартырант у Драздах”, “Малітва за Беларусь”; “Серп і молат на плоце - смерць і голад - у хаце”; плакаты “День 7 ноября мёртвый день календаря”, “Камуністы - на... зад!”, “Дзякуй продкам за мову”, “Кто остановит беззаконие, бесправие, дедовщину, беспредел в стране?!”, “Міністру - адстаўка! Злачынцам - турма!”, "Кінарэжысэр РУСЛАН ЗГОЛІЧ 1 год турмы, 50 "дур"дамоў, "інвалід" без працы, "недзеяздольны" без экспертызы, інтэрнат пажыцьцёвы... НЕ падаў рукі луке "НЯ БОЙСЯ!" facebook.com/tvorcy", некалькі плакатаў з партрэтамі. Таксама ўдзельнікі выкарыстоўвалі каля 50 сцягоў: бела-чырвона-булы, 2 сцягі з чорным крожом (“Малады Фронт”), 2 сцягі з чырвонымі крыдом (КХП БНФ), бела-чырвона-белыя сцягі з Пагоняй, украінскі сцяг, вымпел “Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква”. Таксама былі драўляныя крыжы, у тым ліку з надпісамі: “Дзяды 2017”, “Беларускія пісьменьнікі”, “Беларуская сялянства”, “Беларуская шляхта”, “Беларускія навукоўцы”, “Беларускія рабочыя”.

8. Удзельнікі ўжывалі лозунгі “Жыве Беларусь”, “Слава Украіне”, “Глорыя”, спявалі песні. Адна ўдзельніца выкрыквала лозунг “Смерць акупантам, смерць маскалям!”.

9. Калону суправаджалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, а таксама машына сапёрна-піратэхнічнай службы ўнутраныя войск. Па шляху руху калоны на скрыжаваннях і светлафорах знаходзіліся машыны ДАІ, машыны міліцыі, супрацоўнікі ДАІ ў форменным абмундзіраванні.

10.На бліжайшым скрыжаванні снаходзіўся супрацоўнік ДАІ ў форменным абмундзіраванні.

 11. У 13 гадзін падчас шэсця па прашпекце Незалежнасці каля метро “Усход” адбылася сутычка паміж удзельнікамі шэсця, у прыватнасці, Віталём Рымашэўскім, з мінаком. Была чутная нецэнзурная лаянка, абразы ў адрас удзельнікаў шэсця і асабіста Віталя Рымашэўскага. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільнай вопратцы назіралі за канфліктам і не ўмешваліся некалькі хвілін, пакуль не пачаліся фізічныя замахі ў абодвух бакоў. Супрацоўнікі міліцыі расчапілі ўдзельнікаў сутычкі, адвялі мінака падалей ад удзельнікаў і адпусцілі.

12. Каля 14 гадзін падчас шэсця па вуліцы Гамарніка адбыўся яшчэ адзін інцыдэт, калі дружынікі вывелі ў канец калоны аднаго мінака, які замінаў парвядзенню шэсця. Супрацоўнікі міліцыі здымалі інцыдэнт на камеру, не ўмешваліся і падкрэслівалі, што “гэта арганізатары Вас вывелі”.

13. Па-рознаму супрацоўнікі ДАІ арганізоўвалі рух калоны пры пераходах праз праезжую частку: па папярэдней дамоўленасці арганізатараў і мясцовых уладаў агароджы на пераскрыжаванні прашпекта Незалежнасці і вуліцы Валгагардскай былі прыбраныя і ўдзельнікі безперашкодна перайшлі дарогу, пры пераходзе праз вуліцу Філімонава супрацоўнікі ДАІ дазволілі ўсім удзельнікам перайсці дарогу без разрыву калоны, у тым ліку на чырвоны колер святлафору. Аднак, пры ўсіх наступных пераходах праз дарогу (вул.Каліноўскага, Лагойскі тракт, Мірашнічэнкі) супрацоўнікі ДАІ разрывалі рух калоны і дзялілі на часткі, што істотна запавольвала і ўскладняла рух удзельнікаў шэсця.


14. Калона дайшла да ўрочышча каля 15:10.

15. Напрыканцы шэсьця колькасць удзельнікаў склала каля 270 чалавек.

16. Непасрэдна ў канчатковай кропцы шэсця, ўрочышчы Курапаты, прысутнічалі супрацоўнікі міліцыі ў форменным абмундзіраванні (2 чалавекі), а таксама супрацоўнік у форме інфармацыйнай групе з рупарам, але адмаўляўся ад камунікацыі з назіральнікамі. Таксама супрацоўнікамі міліцыі ў цывільнай вопратцы ажыццяўлялася здымка з дрону. Каля 45 супрацоўнікаў прысутнічалі ў цывільнай вопратцы.


17. У якасці ўдзельнікаў прысутнічалі прадстаўнікі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.

18. У 15:20 пачаўся непасрэдна сам мітынг на верхняй пляцоўцы. Выступалі ад Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі, Уладзімір  Юхо, Алесь Чахольскі.

19. Напрыканцы мітынгу, каля 16:20 прагучаў гімн “Магутны божа”.

20. Мітынг скончыўся каля 16:30.

Рэкамендацыі:

Удзельнікам:

  • Адмовіцца ад ужывання некарэктных лозунгаў, такіх як “смерць акупантам, смерць маскалям” у сувязі з пагрозай распальвання варожасці праз ужыванне мовы варожасці;

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

  • Эфектыўна выконваць ахоўную функцыю ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных сходаў, рэагаваць на любыя пагрозы ў іх адрас;
  • У адпаведнасці з арт.5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў" "дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай". Кіруючыся гэтай нормай, прапануем, каб усе супрацоўнікі ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама былі пазначаныя ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі або нагруднымі знакамі);
  • пазначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства;
  • забяспечыць бесперашкодны рух калоны праз пешаходныя пераходы.

http://spring96.org/be/news/88244

06.11.2017

праваабарончыя сайты