Навіны

Калегі кіроўцы, які скокнуў у Нёман, патрабуюць нармальны графік працы

Скокнуць з моста ў раку 57-гадовага кіроўцу аўтобуса прымусілі ўмовы працы.

Кіроўцы аўтобуснага парка ў Гародні рыхтуюць калектыўную скаргу генеральнаму пракурору і ў адміністрацыю Лукашэнкі. У прыкладзеных да скаргі дакументах гатовыя падпісацца некаторыя кіроўцы аўтобуснага парка. Работнікі незадаволеныя графікам працы і нізкім заробкам.

Аб сітуацыі на прадпрыемстве на ўмовах ананімнасці распавёў кіроўца Іван (імя змененае на просьбу героя).

Мужчына распавядае, што тыя, хто спрабаваў раней паскардзіцца на ўмовы працы, ужо ў аўтобусным парку не працуюць.

«У многіх «дах едзе» з такім графікам працы. У нас бывае так: ты прыязджаеш а 9 гадзіне вечара, пакуль памыў аўтобус, зрабіў усе справы - прыязджаеш дадому блізу 11. А 12 трэба спаць, а блізу 4 раніцы ўжо ўставаць на змену. І яшчэ, мы ўважаемся на працы не кіроўцамі аўтобусаў, а аўтамабіляў, а пасля гэтага вельмі цяжка ўладкавацца на новую працу», - дзеліцца кіроўца.

Таксама Іван адзначае, што кіраўніцтва парка сістэматычна прымушае кіроўцаў выходзіць у свае выходныя за голы аклад без двайной аплаты, адгулаў або дадатковага дня да адпачынку.

«За перапрацоўку мы не атрымліваем дадатковай аплаты і вымушаныя працаваць за самую нізкую стаўку без нашай згоды», - распавядае мужчына.

У пачатку восені некаторыя кіроўцы планавалі зладзіць страйк і перакрыць КПП, але пра гэта даведалася кіраўніцтва. Завадатараў выклікалі і пагражалі звальненнем.

Дырэктар аўтобуснага парка 6 лістапада недаступны - сёння ў Беларусі выходны. Афіцыйная прычына здарэння пакуль не агучвалася. Мужчына, які скокнуў з моста, цяпер у рэанімацыі.

https://charter97.org/be/news/2017/11/6/268331/

06.11.2017

праваабарончыя сайты