Навіны

75 гадоў з дня гібелі Алеся Дубровіча

Беларускі паэт, удзельнік заходнебеларускага вызвольнага руху Алесь Дубровіч (сапраўднае прозвішча Аляксей Рэдзька) нарадзіўся ў 1910 годзе. Дакладны дзень нараджэння невядомы. З’явіўся на свет у вёсцы Галубічы Дзісенскага павету Віленскай губерні (цяпер вёска Каралевічы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці). Паходзіў з беднай сялянскай сям’і. Пасля таго, як скончыў вясковую школу, займаўся самаадукацыяй. Рана пачаў удзельнічаць у грамадскім жыцці. У 1933 годзе стаў удзельнікам Першага нелегальнага з’езду пісьменнікаў, які ўтварыў Літаратурны фронт сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі.

Друкавацца Аляксей Рэдзька (псеўданім Алесь Дубровіч ён узяў толькі ў 1936 годзе) пачаў у 1928 годзе ў газеце “Доля працы”. Пачынаў з дробных карэспандэнцый. У 1933 годзе апублікаваны яго першы верш пад назвай “Беларусь”. Творчая дзейнасць Аляксея Рэдзькі непарушна звязана з нацыянальным рухам у Заходняй Беларусі. У сваім паэтычным крэда – вершы “Мы” ён сцвярджаў: “Натхненне нашае ў змаганні за шчасце новага жыцця”. У 1934 годзе ў часопісе “Літаратурная старонка”, які быў легальным выданнем у Вільні і вакол якога гуртаваліся рэвалюцыйна настроеныя літаратары, надрукавана “Дэклярацыя групы паэтаў да ўсіх пісьменнікаў Заходняй Беларусі”. У гэтую групу ўваходзіў і Аляксей Рэдзька. Ён таксама падпісаў дэклярацыю, за што быў неўзабаве арыштаваны польскай дэфензівай і засуджаны да зняволення. Ажно два з паловай гады Рэдзька сядзеў у віленскай турме на Лукішках. Палітвязні мелі свой рукапісны часопіс “Краты”, у ім змяшчаў свае творы і Рэдзька. Тады ён карыстаўся псеўданімамі Макар і Мікіта.

Пасля судовага працэсу ў 1936 годзе Аляксей Рэдзька выйшаў на свабоду, фактычна адбыўшы ўвесь тэрмін пакарання да суда. У 1936-39 гадах друкаваўся пад псеўданімам Алесь Дубровіч у розных заходнебеларускіх перыядычных выданнях (“Беларускі летапіс”, “Калоссе”). Ягоныя вершы мелі выразную сацыяльную афарбоўку, заклікалі да вызвалення роднага краю з-пад уціску. Паэт марыў пра “сінязорны край”, які існуе “за хмарамі за горамі”, а ў вершы пра абавязак творцы заклікаў яго быць “прарокам яснейшых дзён”. Паводле ўспамінаў Валянціна Таўлая, Максім Танк, які быў рэдактарам літаратурнага аддзела “Беларускага летапісу”, вылучаў вершы Алеся Дубровіча як досыць яркія і арыгінальныя. Хоць у ідэалагічным аспекце многія з іх былі наіўнымі, пісаліся з верай у савецкае “вызваленне”.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР Алесь Дубровіч працаваў у валасным рабоча-сялянскім камітэце, выбіраўся старшынём сельскага савету, быў дэлегатам Народнага сходу ў Беластоку ў 1939 годзе. Перад другой сусветнай вайной Дубровіч працаваў у Вялейскай раённай газеце, змяшчаў там свае вершы, нарысы, карэспандэнцыі. У час вайны вёў падпольную работу ў родных мясцінах на Глыбоччыне, трымаў сувязь з савецкімі партызанамі. У пачатку лістапада 1942 года гітлераўцы арыштавалі групу падпольшчыкаў, сярод іх быў і Алесь Дубровіч. Паэта разам з іншымі расстралялі 7 лістапада 1942 года ва ўрочышчы Жвіроўня непадалёк родных Каралевічаў.

Паэтычная спадчына Алеся Дубровіча невялікая. Пасля вайны яго друкавалі ў Беларусі ў калектыўных зборніках, некаторыя творы паэта перакладзены на рускую і ўкраінскую мовы. Бюст паэта ўсталяваны на Алеі знакамітых землякоў у Глыбокім.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч, фота аўтара  

 

07.11.2017

Архіў

Красавік 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930

Відэа

праваабарончыя сайты