Навіны

Кастрычнік і кастрацыя мазгоў

Рэспубліка Беларусь адсвяткавала 100-ыя ўгодкі “Вялікай кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі”. Раней штогод гэтую дату ў шырокім маштабе адзначаў Савецкі саюз і ўся сусветная “прагрэсіўная абшчэственнасць”. Цяпер гэткімі рэліктамі засталіся толькі Беларусь і нікім афіцыйна не прызнанае квазітэрытарыяльнае ўтварэнне на тэрыторыі Малдовы – Прыднястроўе. Нават Кыргызстан ужо адмовіўся ад дзяржаўных святкаванняў з гэтай нагоды. Нават у “калысцы рэвалюцыі” Расеі перайначылі фармат адзначэння кастрычніцкіх угодкаў, хоць і трымаюць па-ранейшаму бальшавіцкага ідала ў шкляной труне на ўсеагульны агляд. Пра Расею – гэта асобная гутарка. Толькі там могуць размяшчаць на п’едэстале нацыянальных герояў адначасна крывавых бальшавіцкіх правадыроў і загубленую імі царскую сям’ю.

Я нарадзіўся ў 1967 годзе, якраз тады Савецкі саюз выпусціў мноства памятных манет да 50-ых угодкаў бальшавіцкага перавароту – скульптура Мухінай “Рабочы і калгасніца” на пятнаццацікапейкавых, крэйсер “Аўрора” на дваццацікапейкавых, узлятаючая ракета на дзесяцікапейкавых, выявы Ільіча з узнятай угару рукой на металёвых рублях. Калекцыянеры і цяпер трымаюць іх у сваіх зборах, нягледзячы на таннасць, бо выбіта іх была агромністая колькасць. Дата адклалася ў памяці з дзяцінства. Гадоў да пятнаццаці я таксама шчыра верыў у ідэалы “Вялікага Кастрычніка”, у канцы школы ўжо сумняваўся, а ў дваццаць гадоў вярнуўся з савецкай арміі перакананым антысаветчыкам. Уся справа была ў даступнасці да праўдзівай інфармацыі. Як толькі гарбачоўская перабудова прынесла плынь разнастайных публікацый, у людзей пачалі адчыняцца вочы на гісторыю і рэчаіснасць. Многія шчырыя камуністы палілі свае партыйныя білеты, вялізная колькасць людзей выходзіла з гэтай “руководящей и направляющей” фальшыўкі, скрозь ілжывай і крывадушнай.

Зразумела, што сто гадоў таму, ў 1917-ым тысячы беларусаў шчыра паверылі ў светлыя ідэалы рэвалюцыі. Менавіта таму, што царская Расея была сапраўднай турмой народаў, а расейская палітыка прынесла рабаванні, бежанства, голад на беларускія землі. Так што зразумець тагачасных людзей можна. Не дзіва, што многія беларускія паэты палымяна ўслаўлялі “Вялікі Кастрычнік”, пісалі пра светлую будучыню свайго народу. Многіх неўзабаве чакала жорсткае расчараванне, а бальшыня песняроў сацыялістычнага раю, была расстраляная ў засценках НКВД ці згінула ў савецкіх канцлагерах у 1930-ыя гады.

А вось зразумець сучасных людзей, якія ў Беларусі лічаць расейскую рэвалюцыю 1917-га вялікай падзеяй і заваёвай, папросту адмаўляюся. З сённяшняй уладай РБ то ўсё ясна, яе прырода менавіта там – у бальшавізме стогадовай даўніны, нездарма сённяшнія міністры апранаюцца на парадах у энкавэдэшную форму, ня проста так будуюцца фальшывыя “лініі Сталіна” і ладзяцца шабашы ў гонар рэвалюцыі. Пры тым на ўсё гэта выдаткоўваюцца вялізныя сродкі, не шкадуецца нічога. Улада якраз адпавядае сваёй ідэалогіі. Усё паводле Барыса Грабеншчыкова: “І людзі, страляўшыя ў нашых бацькоў, склалі планы на нашых дзяцей”. А вось тыя бацькі, яшчэ дастаткова маладыя людзі, якія дазваляюць выкарыстоўваць сваіх дзяцей на гэтых “пірах Валтасара”, падманных урачыстасцях з ветэранамі-энкавэдыстамі ў прэзідыумах, - як іх зразумець. Пры сённяшняй шырокай даступнасці да інфармацыі, да гістарычнай праўды, што ў іх галовах? Ці гэта проста такое прыстасаванства і рабскае падпарадкаванне, ці нейкая духоўная кастрацыя, поўная адсутнасць мазгоў?

Зайшоў днямі ў адзін гарадзенскі супермаркет, там аб’ёмная прадавачка гадоў пяцідзесяці гандлявала ля століка “Суперлато” і віншавала наіўных пакупнікоў латарэй “с празнікам”. “Как харашо была раньшэ, два выхадных была на гадаўшчыну акцябрскай рэвалюцыі” – казала яна сваёй суразмоўцы. Сварыцца не хацелася, а як пераконваць такіх індывідаў, я ўжо не ведаю.   

Уладзімір Хільмановіч

09.11.2017

праваабарончыя сайты