Навіны

“Рогі-ногі” для сінагогі

Колькі сябе памятаю, столькі дзесяцігоддзяў аднаўляюць у Слоніме сінагогу – самы стары помнік (пабудавана ў 1642 годзе) горада над Шчарай. Праўда, у 1970-1980-я гады пра аднаўленне выдатнага помніка архітэктуры эпохі барока з архітэктурна-кампазіцыйнымі прыёмамі, характэрнымі для манументальнага дойлідства Беларусі XVII стагоддзя і арыгінальным арнаментальна-дэкаратыўным вырашэннем інтэр’ера, ніхто і не думаў. Ды і будынак сінагогі тады прыносіў гараджанам “карысць”. Адна з залаў сінагогі была пераабсталявана пад мясную краму. Яе слонімцы і вяскоўцы з раёна называлі “Рогі-ногі”. Бо ўнутры гэтай крамы былі прымацаваныя да сцяны вялікія жалезныя рогі, галовы ад каровы і свінні. Там усе куплялі мясныя вырабы. І заўсёды каля сінагогі і “Рог-ног” былі вялікія чэргі.

Потым “Рогі і ногі” хутка зніклі. І замест іх у сінагозе зрабілі мэблевы склад. А з правага боку ад галоўнага ўваходу неяк адкрылі малочны бар. Бар карыстаўся вялікім попытам, бо там можна было папіць смачны малочны кактэйль, сок, з’есці пірожнае. Таму часцей за ўсё ў малочны бар у сінагозе заходзілі мамы і таты са сваімі дзецьмі. Сінагога была зручным месцам для падобных устаноў, бо знаходзіцца ў самым цэнтры Слоніма. Мясцовыя прадпрымальнікі і мастакі ў канцы 1980-х—пачатку 1990-х гадоў вырашылі нават адкрыць у сінагозе начны бар. Слонімскі мастак Рыгор Жук прыгожа па-беларуску аформіў будучы начны бар, але ён так і не паклікаў да сябе наведвальнікаў. А было б, што замест торы, тфілы ці аміды помнік першай паловы XVII стагоддзя слухаў бы савецкую папсу. Ды і дзейнасць крамаў, бараў у слонімскай сінагозе былі небяспечнымі. Сінагога пачала хутка разбурацца, тым больш яна стаяла без даху. Таму збірацца ў старой сінагозе, а тым больш весяліцца, танчыць выклікала пэўную трывогу і хваляванне. З-за гэтага ўсе крамы і бары хутка пакінулі сцены старога шматвекавога помніка.

Калі старшынём Слонімскага гарсавета быў Алег Лакцюшын, а гэта былі 1995-2002 гады, сінагогу, дзякуючы яўрэям Ізраіля, удалося схаваць пад добры дах – накрыць. Хуткае разбурэнне помніка спынілася. Таму ўдалося захаваць унутраны дэкор. У цэнтры шырокай залы ўсталявана біма – узвышэнне для выканання рэлігійных абрадаў. Купал бімы дэкараваны стукавым паліхромным арнаментам з лісцеў аканта і пальмет. Усё гэта і шмат чаго іншага ўнутры помніка, захавалася.     

Шмат гадоў яўрэйскі дом малітваў знаходзіўся ў запусценні. А потым  у 2001 годзе сінагогу вярнулі яўрэем. Вярнулі з надзеяй, што сінагогу адновяць, а праз пэўны час у ёй адкрыюць рэспубліканскі музей яўрэйскага мастацтва. Але да сённяшніх дзён ніякіх рэстаўрацыйных работ у сінагозе не праводзілася і не праводзіцца.

З усяго свету едуць яўрэі ў Слонім, каб паглядзець на сінагогу. У Ізраілі нават паштовая марка выйшла, прысвечаная слонімскай сінагозе. З Ізраіля яўрэі едуць у Слонім, з ЗША едуць, а цяпер нядаўна і з Вялікабрытаніі прыязджалі. Усе едуць паглядзець на сусветную яўрэйскую прыгажосць, якая разбураецца. І дырэктар фонду яўрэйскай спадчыны Майкл Мэйн, і сябра каралеўскага таварыства мастацтваў з Вялікабрытаніі і дырэктар міжнароднай дабрачыннай арганізацыі “The Together Plan”Дэбра Брунэр, і старшыня міжнароднай грамадскай дабрачыннай арганізацыі “Дыялог” Артур Ліўшыц, і ўнук былых слонімскіх яўрэяў Саймон Каплінскі, і ўнукі і праўнукі слонімскіх яўрэяў з Францыі, Польшчы, Германіі, Ізраіля, ЗША і іншых краін. Гэта вельмі багатыя людзі. Прыязджаюць усе… Паглядзяць, паабяцаюць і знікаюць на пэўны час. А потым зноў едуць і зноў абяцаюць. А сінагога ў Слоніме застаецца адна, як удава. І разбураецца, знішчаецца… І бярэ страх за гэты гістарычны вялікі помнік, жамчужыну яўрэйскай культуры, які ў любы час можа рухнуць. І застануцца ад яго толькі рожкі ды ножкі…

Сяргей Чыгрын

12.11.2017

праваабарончыя сайты