Навіны

105 гадоў з дня нараджэння Янкі Золака

Беларускі літаратар, выдавец, дзеяч эміграцыі Янка Золак (Антон Даніловіч) нарадзіўся 1-га (14-га па новым стылі) лістапада 1912 года ў вёсцы Лучнікі пад Слуцкам. Паходзіў з заможнай сялянскай сям’і. Ягоны брат па маці – Алесь Змагар (Аляксандр Яцэвіч), слуцкі паўстанец, таксама дзеяч беларускай эміграцыі.

Першую адукацыю Даніловіч атрымаў у Лучнікоўскай сямігодцы, пасля якой два разы падаваў заявы ў Слуцкі педтэхнікум, але ў прыёме яму адмаўлялі як сыну серадняка. Скончыў Рагачоўскія настаўніцкія курсы (1930). У 1930-35 гг. вучыўся на завочным аддзяленні Менскага педагагічнага тэхнікума. З 1930 году пачаў працаваць настаўнікам пачатковай школы ў вёсцы Міраціна Бабруйскага раёну. Пэўны час працаваў карэктарам і памочнікам сакратара рэдакцыі бабруйскай газеты “Камуніст”. Там сустрэўся з Міхасём Лыньковым і Васілём Віткам. Пасля педтэхнікума паступіў на завочнае аддзяленне літаратурна-лінгвістычнага факультэта Аршанскага настаўніцкага інстытуту. Пераехаў у Гарбацэвічы, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў мясцовай школе.

З пачаткам вайны накіраваўся на зборны пункт мабілізацыі ў Бабруйск, але ваенкамат выехаў ужо ў Рагачоў, куды ўжо нельга было трапіць. Неўзабаве вярнуўся ў Лучнікі і пачаў з Лявонам Случаніным наладжваць работу Лучнікоўскай сямігодкі (Случчына ўжо апынулася ў глыбокім нямецкім тыле). Пачалі выдаваць рукапісны часопіс “Васілёк”, дзе Даніловіч зьмяшчаў свае вершы пад псеўданімам Антось Пясьняр. Гэты часопіс стаў правобразам пазнейшай “Газэты Случчыны”. Пасля вайны праца ў школе і актыўная пісьменніцкая дзейнасць паводле савецкіх законаў лічылася здрадніцтвам і супрацай з ворагам. Каб пазбегнуць рэпрэсій, улетку 1944 г. Я. Золак быў змушаны эміграваць. Быў інтэрнаваны спачатку ў лагер “Гангофэр зідлюнг” у Рэгенсбургу, пазней у Міхэльсдорфе і Бакнангу. З 1945 па 1951 гг. працаваў у пачатковых беларускіх школках (Рэгенсбург, Віндышбэргердорф), а потым у беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Міхэльсдорфе і Бакнангу. Пэўны час быў сакратаром Янкі Станкевіча ў беларускай адміністрацыі рэгенсбурскага лягеру. У 1945 далучыўся да літаратурнага згуртаваньня “Шыпшына”, якое заснаваў ў Рэгенсбургу Юрка Віцьбіч. У Міхэльсдорфе наладзіў выданне рататарным спосабам часопісаў “Вызваленьне” і “Дзіда”. Увесну 1946 г. адбылося знаёмства Золака з Лідзіяй Каліноўскай (1910-1963), таленавітай мастачкай, якая скончыла Варшаўскую акадэмію мастацтва. Каханай жанчыне ён прысвяціў шэраг сваіх вершаў. Іхні шлюб цягнуўся нядоўга, пасьля смерці жонкі ў 1963-ым Я. Золак застаўся з дзецьмі.

У 1951 пераехаў у ЗША. Спачатку працаваў у старызніка, потым на чыгунцы. Урэшце наняўся на трыкатажную фабрыку, дзе рабіў да самай пенсіі. У 1957 г. атрымаў амерыканскае грамадзянства. Самастойна вывучыў друкарскую справу, перакупіў у а. Яна Пятроўскага друкарню і заснаваў выдавецтва “Адгук”. З 1960 году становіцца адным з арганізатараў і галоўным рэдактарам грамадска-палітычнага і літаратурна-мастацкага часопіса “Беларуская думка”. У 1992 годзе Янка Золак прыехаў у Беларусь, дзе адзначыў свой 80-гадовы юбілей. Другі раз паэт прыязджаў у Беларусь у 1994-ым, быў удзельнікам Першага з’езду беларусаў сьвету, пабываў у Лучніках, сустрэўся з роднымі, з Лявонам Случаніным. Памёр 30 снежня 2000 году. Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі).

13.11.2017

праваабарончыя сайты