Навіны

205 гадоў з дня нараджэння Паўлюка Багрыма

Адзін з першых беларускамоўных паэтаў Паўлюк Багрым нарадзіўся 14 лістапада 1812 года ў мясцовасці Крашын Наваградскага павету (зараз гэта вёска афіцыйна, але памылкова, называецца Крошын з націскам на першы склад, адміністрацыйна прыналежыць да Баранавіцкага раёну). Паходзіў Паўлюк Багрым з сям’і рамесніка. Пачатковую адукацыю атрымаў у Крашынскай парафіяльнай школе, фундатарам якой быў ксёндз Магнушэўскі. З дзяцінства хлопец захапляўся мастацкай літаратурай, асабліва паэзіяй. Рана пазнаёміўся з творамі Гамера і Эзопа, якія ўразілі яго хараством вершаскладання і гуманізмам. Пад уплывам фальклору і паэзіі Юльяна Нямцэвіча і Адама Нарушэвіча, яе свабодалюбства і антыфеадальнай скіраванасці сам стаў складаць вершы. У іх гучалі замілаванасць да роднага краю, яго прыроды, людзей, боль за іх нялёгкае жыццё пры паншчыне, імкненне да свабоды.

Сялянскія хваляванні, што адбыліся ў роднай вёсцы ў 1828 годзе, не пакінулі Багрыма ў баку, і ён адгукнуўся на гэтыя падзеі сваімі вершаванымі радкамі, чытаў аднавяскоўцам забароненыя вершы іншых аўтараў. Пры вобыску расейскія жандары знайшлі ў Багрыма спіс ананімнага вершаванага твора “Гутарка пана з хлопам”. За распаўсюд антыпрыгонніцкіх вершаў ён быў здадзены ў рэкруты і прайшоў доўгі і нялёгкі шлях службы ў расейскім царскім войску.

Вярнуўшыся з войска ўжо ў сталым веку, працаваў кавалём у роднай вёсцы. Багрым, як і яго бацька, валодаў гэтым рамесніцтвам, у гэтым дасягнуў мастацкіх вяршыняў..Пра яго майстэрства сведчыць вялікая прыгожая выкаваная ім жырандоль – адмысловая люстра, якая да гэтага часу знаходзіцца ў Крашынскім касцёле. Над яе стварэннем ён працаваў некалькі гадоў. З яго творчай спадчыны да нас дайшоў толькі адзін верш “Зайграй, зайграй, хлопча малы…”, напісаны ім у юнацкім узросце і надрукаваны ва ўспамінах наваградскага адваката Ігната Яцкоўскага “Аповесць з майго часу” (Лондан, 1854 год). Верш стаў хрэстаматыйным для беларускай літаратуры. Гэты верш паэт напісаў, верагодна, калі быў падлеткам. На думку такіх аўтарытэтаў як Рамуальд Зямкевіч і Максім Гарэцкі Багрыму належала і аўтарства ананімнага верша антыпрыгоннага духу “Гутарка Данілы са Сьцяпанам”. А даследчык беларускай гісторыі Ігар Запрудскі вылучае версію, што верш “Зайграй, зайграй, хлопча малы…” быў напісаны Юльянам Ляскоўскім. Такім чынам, магчыма што Паўлюк Багрым – літаратурная містыфікацыя. Краязнавец і рыма-каталіцкі святар Караль Жураўскі, які напярэдадні другой сусветнай вайны працаваў пробашчам у мястэчку Крашын, збіраў успаміны і дакументы пра паэта, зрабіў фотакопіі адпаведных дакументаў. У 1988 годзе Жураўскі перадаў у Інстытут АН БССР свае матэрыялы пра Паўлюка Багрыма і свой рукапіс пра гісторыю сям’і паэта. Як бы там не было, імя Багрыма трывала ўвайшло ў гісторыю беларускай літаратуры..Верш Багрыма – сапраўдны шэдэўр беларускай лірыкі 19 стагоддзя, ён кранае глыбінёй і непасрэднасцю пачуццяў, яркім народна-песенным каларытам, сілай пратэсту супраць прыгону.

Памёр Паўлюк Багрым каля 1891 года (дакладная дата смерці невядомая) у родным мястэчку. Пахаваны на мясцовых могілках, на магіле ўсталяваны адметны арыгінальны помнік. 14 верасня 1985 года ў Крашыне адкрыты музей народнага мастацтва і рамёстваў імя Паўлюка Багрыма.

 

13.11.2017

праваабарончыя сайты