Навіны

“Марш абураных беларусаў-2.0”: пераслед ўдзельнікаў набывае масавы характар

Беларускія суды працягваюць адміністратыўны пераслед удзельнікаў акцыі пратэсту – “Марша абураных беларусаў-2.0”, які адбыўся ў Мінску 21 кастрычніка. Каля 15 чалавек пакараныя штрафамі, многія чакаюць прызначэння судовага паседжання. Відаць, пратэстныя настроі ў грамадстве вельмі трывожаць улады, якія намагаюцца пакараць усіх, хто асмеліўся пайсці супраць існуючай палітыкі дзяржавы.

Сёння суд Маскоўскага раёна Мінска разглядае справу сустаршыні руху салідарнасці «Разам» Алены Талстой, якую вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па ч.3. арт 23.34 КаАП РБ. Пачатак суду ў 9 гадзін.

У 9-30 пачнаўся суд над актывістам “Еўрапейскай Беларусі” Леанідам Кулаковым (суд Першамайскага раёна). Справу разглядае суддзя Святлана Чараповіч.

Леанід Кулакоў заявіў хадайніцтва аб недаверы суддзі, патлумачыўшы, што яна мае слабую юрыдычеую падрыхтоўку. Наступнае хадайніцтва тычылася меры пакарання. Актывіст прасіў пакараць яго арыштам, паколькі з'яўляецца беспрацоўным, і не мае сродкаў на аплату штрафаў. Ён нават захапіў з сабой сродкі гігіены. Але суддзя хадайніцтвы не задаволіў.   Выступіў таксама сведка -- амапавец І. Сукач. Пасля кароткага перапынку суддзя вынесла пастанову: прызнаць вінаватым і пакараць арыштам у памеры 40 б.в., альбо 920 рублёў.

На 16 лістапада ў судзе Фрунзенскага раёна сталіцы прызначаны разгляд справы Валерыя Шчукіна, таксама за ўдзел у акцыі 21 кастрычніка.

17 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёна адбудзецца суд над лідэрам руху «Разам»  Вячаславам Сіўчыкам. Пачатак працэсу ў 10 гадзін.

Праваабаронцам “Вясны” вядомая інфармацыя аб тым, што пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве складзены на жыхара Полацка Генадзя Бердзянёва, актывісткі Аб’яднанай грамадзянскай партыі са Светлагорску Алену Луцковіч, мазыраніна Уладзіміра Неўмяржыцкага.

http://spring96.org/be/news/88283

14.11.2017

праваабарончыя сайты