Навіны

Новы «дармаедскі» дэкрэт трапіць рыкашэтам па ўладах

Новаўвядзенні, сапраўды, «уражваюць».

Кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Качанава заявіла, што абноўлены дэкрэт №3найбліжэйшым часам будзе ўнесены на разгляд Лукашэнкі і закране паўмільёна чалавек.

Новаўвядзенні, як выказалася Качанава, сапраўды, «уражваюць»: «дармаеды» будуць абавязаныя цалкам аплачваць паслугі, якія сёння фінансуюцца дзяржавай, паходы ў шпіталь для беспрацоўных могуць стаць непасільнай раскошай, а за ацяпленне кватэр у зімовы час яны будуць плаціць у пяць разоў больш.

Варта нагадаць, што скандальны дэкрэт быў асноўным рухавіком масавых вулічных пратэстаў вясной гэтага года.

Пра тое, што будуць рабіць 500 тысяч беларусаў, якім прыйдуць «лісты шчасця» з падатковай, сайту Charter97.org распавёў актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Берасці і актыўны ўдзельнік акцый пратэсту супраць падатку на «дармаедаў» Андрэй Шарэнда.

- Як вы ацэньваеце новую рэдакцыю дэкрэта аб «дармаедах»?

- Рэжым Лукашэнкі спрабуе чарговым разам залезці ў кішэню да беларусаў, рэанімаваць гэты скандальны дэкрэт №3. Кажуць, што будзе нібыта новая рэдакцыя, але, як улады робяць такія «рэдакцыі», добра вядома. Яна проста перафармулюе некаторыя фразы, а сэнс дэкрэта будзе ў тым, каб прымусіць людзей працаваць за капейчыну. Тых жа, хто не пагодзіцца, проста вымусяць плаціць больш за «камуналку», якая і так надмерна высокая пры нізкай якасці паслуг.

- Як могуць адрэагаваць паўмільёна беспрацоўных, калі атрымаюць «лісты шчасця» ад падаткавікоў?

- 500 тысяч «дармаедаў» ў рамках Беларусі - шакавальная лічба. Бо, паводле афіцыйных звестак, у нас беспрацоўе меншае за адзін адсотак. Упэўнены, што калі ўлады наважацца закрануць паўмільёна чалавек, то пачнуцца яшчэ больш маштабныя акцыі пратэсту, чым вясной.

Як я зразумеў з навін, улады хочуць адабраць грошы ў беларусаў, якія працуюць за мяжой. А калі падлічыць усіх, хто працуе за мяжой, то мы ўбачым колькі беларусаў «галасуюць нагамі» супраць рэжыму Лукашэнкі. Упэўнены, што «дармаедскі» дэкрэт балюча ударыць рыкашэтам па самім дыктатары.

- Сітуацыя з заробкамі ў краіне такая, што, напрыклад, кіроўца БелАЗ у Лунінцы зарабіў за месяц 4.2 даляра. Ці ёсць сэнс людзям трымацца за такія заробкі, каб іх не далучылі да «дармаедаў»?

- У маленькіх гарадах людзі вымушаныя трымацца за мізэрныя заробкі, бо альтэрнатыўных працоўных месцаў няма. А вось жыхары вялікіх гарадоў шукаюць спосабы з'ехаць з краіны ў пошуку заробку ў тую ж Літву, Польшчу, Расею. Гэта вельмі добра бачна ў Берасці.

Людзі не хочуць працаваць за заробак $50- $100. Жыхары Берасцейшчыны масава з'язджаюць.

Цяпер агульная праблема для беларусаў - нястача грошай. Цягам апошняга года людзі выжывалі за кошт таго, што праядалі свой ашчадак. Беларусы неслі ў абменнікі тое, што зараблялі за апошнія 10 гадоў ці сродкі ад продажу маёмасці. Цяпер бачна, што апошнія грошы заканчваюцца і людзі ў разгубленасці. Таму, у эканамічнай эміграцыі людзі, асабліва моладзь, бачаць нейкі часовы выхад - да змены ўлады.

Мне здаецца, што да вясны, калі праблемы ў краіне абвострацца, настрой людзей зменіцца на пратэстны.

- Новая рэдакцыя скандальнага дакумента прадугледжвае, што «дармаеды» будуць цалкам аплачваць паслугі, якія сёння субсідуюцца дзяржавай. Да чаго гэта можа прывесці?

- Па-першае, каб плаціць паводле поўнага тарыфу, якасць і выбар паслуг павінен адпавядаць міжнародным стандартам. У нас цяпер гэтага і на думцы няма. Паслугі, якія выконваюць медыцынскія ўстановы або камунальныя службы, на такім нізкім узроўні, што нават тыя грошы, якія мы плацім цяпер - гэта занадта.

Відавочна, што беспрацоўныя не будуць плаціць, у іх элементарна няма грошай. «Дармаеды» будуць шукаць розныя спосабы пазбегнуць аплаты. У выніку, за камунальныя паслугі ўтворацца вялікія запазычанасці.

А што тычыцца аховы здароўя, то лячыцца беларусы пойдуць у прыватныя клінікі. Ды і цяпер ужо многія выбіраюць прыватныя ўстановы. Я сам асабіста ў дзяржаўныя паліклінікі не хаджу, мяне катэгарычна не задавальняе якасць іх паслуг. Але, вядома, непад'ёмна дарагая медыцына адаб'ецца на здароўе малазабяспечаных людзей.

- Што беларусам трэба рабіць, каб не дапусціць чарговых абсурдных ініцыятыў уладаў?

- Трэба выкарыстоўваць метады негвалтоўнага супраціву, якія распрацаваны і прывялі да перамен у многіх краінах свету. Гэта, напрыклад, адмова ад удзелу ў «выбарах», суботніках і гэтак далей. Варта адмаўляцца ад усіх прапаноў урада, байкатаваць усе мерапрыемствы, якія арганізуе дзяржава, а таксама праўладную тэлевізію і СМІ. Гэта варыянт без якіх-небудзь наступстваў, які пасуе кожнаму. Ну, а наступны крок - Плошча. За нармальнае жыццё трэба змагацца.

https://charter97.org/be/news/2017/11/23/270082/

23.11.2017

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты