Навіны

Прадстаўнік партыі БНФ не увайшоў у склад ТВК у Гародні

Завяршыўся этап вылучэння прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. На сумесным паседжанні Прэзідыума гарадскога і абласнога савета  дэпутатаў сумесна з Гарадзенскім гарадскім і выканаўчым камітэтам былі агучаны прозвішчы тых хто увайшоў у склад Гарадзенскай гарадской камісіі. Гарадзенская арганізацыя партыі БНФ вылучала аднаго свайго прадстаўніка ў склад выбарчай тэрытарыяльнай камісіі, які ўрэшце не увайшоў у склад гэтай камісіі. Каментуючы сітуацыю старшыня партыі  Вадзім Саранчукоў адзначыў: “Фармаванне выбарчай камісіі з’яўляецца тэстам на празрыстасць выбарчага працэсу. Па наяўнасці прадстаўнікоў дэмакратычных партый у гэтых камісіях, можна меркаваць, якой гэтая выбарчая кампанія будзе. Але усё прайшло традыцыйна. Зачыталі спіс, усе прагаласавалі “за”. Вось і усё фармаванне камісій. Кандыдат ад партыі БНФ у камісію не уключаны, Без усялякіх тлумачэнняў і аргументаў. Не і не. Нічога не мяняецца. Абсалютна класічны сцэнар, калі не дапускаецца аніводны новы чалавек, няма ніводнага альтэрнатыўнага прадстаўніка. Ужо на самым пачатковым этапе адразаюцца усе альтэрнатыўныя прапановы”. 

Традыцыйна ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісій увайшлі ўсе праўладныя вылучэнцы: чынавенства, прадстаўнікі прадзяржаўных арганізацый і кіраўнікі прадпрыемстваў. Наступным этапам выбарчай кампаніі будзе фармаванне выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў абласных саветаў. Вылучэнне у камісіі гэтага роўню павінна адбыцца не пазней за 1 снежня.

27.11.2017

праваабарончыя сайты