Навіны

Святар праўды і свабоды: Ежы Папялушка (фотавыстава)

“Прыпынак гісторыя” - пад такой назвай Беластоцкі аддзел Польскага Інстытута Нацыянальнай памяці распачаў цыкл гістарычных лекцый у Гародні. Першая сустрэча прайшла ў Генеральным Кансуляце Рэспублікі Польшча у Гародні і была прысвечана бласлаўлёнаму ксяндзу Ежы Папялушку. У межах сустрэчы прайшла і прэзентацыя брашуры на беларускай мове “Блаславёны кс. Ежы Папялушка”, а таксама была прадстаўлена выстава на якой паказаны біяграфічныя звесткі і рэдкія фотаздымкі з жыцця ксяндза.

Ксёндз Ежы Папялушка жыў у складаную эпоху, калі Польшчай кіравалі камуністы, якія змагаліся з нацыяняальнай традыцыяй і хрысціянскай верай, а асноўным абаронцам чалавечых каштоўнасцяў у краіне пасля ліквідацыі незалежніцкага падполля і легальнай апазіцыі цягам некалькіх дзесяцігоддзяў заставаўся Каталіцкі касцёл. Публічная ангажаванасць кс. Ежага стала відочнай у канцы жніўня 1980-га, калі святар пачаў адпраўляць святую імшу для бастуючых працоўных металургаў Гуты Варшава. Цягам шаснаццаці месяцаў легальнай дзейнасці незалежнага прафсаюза працоўных “Салідарнасць” кс. Папялушка быў разам з рабочымі, а таксама са студэнтамі медыцыны (быў між іншым сярод бастуючых студэнтаў, патрабуючых у лютым 1981 года рэгістрацыі Незалежнага згуртавання студэнтаў). Таксама працаваў з асяроддзем мядсёстраў і лекараў, служыў таксама св. Імшы для бастуючых у лістападзе 1981 года падхарунжых Вышэйшай афіцэрскай школы пажарнікаў. Ужо з студзеня 1982 па 1984-ы гады ксёндз супольна з рабочымі праводзіў малітвы ў інтэнцыі Айчыны, “За тых, што аддалі кроў айчыне ў змаганні з акупантам у час паўстання 1863 г., За нас самых, каб ніколі не згубілі веры ў ідэалы за якія змагаліся ў шэрагах Салідарнасці”. Улады намагаліся нейтралізаваць дзейнасць кс. Ежага, адной з найбольш балючых форм рэпрэсій, цыклічна прымяняемых на працягу доўгага тэрміну быў выклік святара на допыты ў Следчае аддзяленне сталічнай управы унутраных спраў. У тагачасных дакументах Польскай службы бяспекі можна прачытаць наступнае “сёння (6 сакавіка 1984 г.) у следчае аддзяленне з’явіўся падазроны кс. Ежы Папялушка. У будынку Сталічнай управы ўнутраных спраў прыбываў у гадзінах 9.30-13.40. Яго з’яўленне суправаджала каля 20 жанчын. Адмовіўся даваць паказанні”. Аператыўныя дзеянні ў адносінах кс. Ежага не скончыліся нават тады, калі пракуратура і суд адмовіліся разглядаць ягоную  справу. У рэшце рэшт камуністычныя бонзы загадалі забіць непакорлівага ксяндза. Ксёндз Ежы загінуў 19 кастрычніка 1984 г. – быў забіты функцыянерамі польскай СБ. Да сёння невядома канкрэтных асобаў: хто і чаму канкрэтна даў загад на забойства святара. Большасць гісторыкаў падкрэслівае, што гэта забойства нельга было ўчыніць без ведама вышэйшых партыйна-дзяржаўных кіраўнікоў тагачаснай Польшчы. Гэты факт ускалыхнуў польскае грамадства, развітацца з ксяндзом Ежым прыйшлі незлічоныя масы людзей. Па сутнасці яго ў апошні шлях праводзіла ўся краіна. З моманту паховінаў ксяндза Ежага на яго магілу ў якасці паломнікаў прыходзілі мільёны людзей з ўсяго свету, маліўся на ёй Ян Павел II. Таксама прыбывалі ўрадавыя дэлегацыі са ўсяго свету пакланіцца мучаніку за Веру і Свабоду.

Выступаючы перад прысутнымі старшыня Польскага Інстытуту Нацыянальнай памяці Яраслаў Шарэк адзначыў: “Ксёндз Ежы Папялушка з’яўляецца сымбалем нашай барацьбы за Свабоду і Незалежнасць. Ён рэкамендаваў і сам прымяняў прынцып Св. Паўла “зло перамагай дабром.” Ён давёў тое, што са злом не можна ісці на ніякі кампраміс і за гэта заплаціў уласным жыццём. Адначасна яго барацьба за свабоду, за правы чалавека была пазбаўлена нянавісці”.

Выставу, прысвечаную жыццю і дзейнасці блаславёнага кс. Ежы Папялушкі, з шматлікімі ўнікальнымі фотаздымкамі можна ўбачыць у гарадзенскім Фарным касцёле.

Эдвард Дмухоўскі

05.12.2017

праваабарончыя сайты