Навіны

Адно пытанне Дзеду Марозу

Даражэнькі Дзядуля Мароз!

Піша табе школьнік з райцэнтра Гарадзенскай вобласці. Напярэдадні Новага года ўсе ў цябе пачынаюць прасіць падарункі: то цацкі, то веласіпед, то гіраскутар, то цукеркі, то мабільнік… Але мне, даражэнькі Дзядуля Мароз, ніякіх такіх падарункаў не трэба. Калі я стану дарослым, то магчыма я буду жыць у дэмакратычнай і багатай краіне, і ўсё гэта сабе і сваім дзеткам я сам кублю за свой заробак. Бо заробак, спадзяюся, у мяне будзе добры, і жыць мая сям’я будзе прыстойна.   

Хоць я школьнік, але я не магу зразумець адной акалічнасці. Таму да цябе звяртаюся з пытаннем. Справа ў тым, што мае мама і тата часта ездзяць у камандзіроўкі ў іншыя гарады Гарадзеншчыны і Беларусі. Перад камандзіроўкамі на кухні ці ў зале перад тэлевізарам яны такія дрэнныя словы кажуць у адрас нашага вялікага і малога начальства, што мне нават сорамна і немагчыма ўсяго паўтарыць. А кажуць гэтыя словы яны вось па якой прычыне. Калі, напрыклад, маме трэба паехаць у камандзіроўку ў Гародню, то ёй неабходна прачынацца ноччу і ехаць на цягніку ці электрычцы амаль чатыры гадзіны. І столькі гадзін ёй трэба вяртацца назад. І ехаць толькі на дзяржаўных аўтобусах ці цягніках, якія да абласнога цэнтра ходзіць усяго два разы на дзень і паўзуць яны туды тры з нечым гадзіны з рознымі прыпынкамі. І адпраўляюцца тыя ж аўтобусы з аўтавакзала, дзе мама абавязкова павінна толькі там купіць сабе білет. Бо на працы, дзе працуюць мае мама і тата, у бухгалтэрыі ім аблоцяць менавіта гэтыя білеты з дзяржаўных кас. 

Я таксама здзіўляюся, даражэнькі Дзядуля Мароз. Ды і ты здзівішся: чаму мае мама і тата і іншыя людзі нашай краіны павінны ехаць на дзяржаўных цягніку ці аўтобусе ў абласны цэнтр ці ў сталіцу, калі ў нашым горадзе даўно ўжо працуюць выдатныя прыватныя фірмы, якія займаюцца пасажырскімі перавозкамі і за пару гадзін завозяць людзей, куды яны пажадаюць. І танней гэта, і зручней гэта, і хутчэй гэта, бо маршруткі могуць забраць маму з бліжэйшага прыпынку ад самага дома і прывесці яе туды, куды яна пажадае. Аказваецца, даражэнькі Дзядуля Мароз, не ўсё так проста. Мама і тата могуць ехаць у камандзіроўку на любым транспарце, але білеты ім ніхто аплачваць не будзе. Білеты ў камандзіроўку маме і тату аплацяць толькі тады, калі яны едуць на дзяржаўным транспарце. Вось як!

Таму я ў цябе, даражэнькі Дзядуля Мароз, хачу запытацца словамі мамы і таты: калі ў нашай краіне скончыцца гэты маразм? Бо, сапраўды, атрымліваецца дзіўна: людзі, якія займаюцца пасажырскімі перавозкамі, маюць дзяржаўныя ліцэнзіі на перавозку пасажыраў, не маюць права даваць білеты за праезд, бо іх білеты лічацца несапраўднымі. Як жа так?.. Нават мне, школьніку, зразумела: калі ёсць ліцэнзія, то білеты павінны быць сапраўднымі для ўсіх, хто займаецца пасажырскімі перавозкамі. Аказваецца – не. Таму мае мама і тата, калі прыязджаюць з камандзіровак – падаюць на ложак, як падбітыя. Бо толькі на дарогу туды назад у нашай не сама вялікай краіне яны трацяць па 8-10 гадзін, чакаючы дзяржаўнага транспарту на вакзалах…

Сяргей Чыгрын

 

 

06.12.2017

праваабарончыя сайты