Навіны

Дыскрымінацыя працоўных Беларусі на міждзяржаўным роўні (дакументы)

Беларусы, якія адпрацавалі ў шкодных умовах працы больш 6 гадоў і 3 месяцаў і дасягнулі 55-гадовага ўзросту, маюць права выходзіць на пенсію на ільготных умовах. Але тыя з іх, якія часткова або цалкам выпрацавалі патрэбны стаж ў Расейскай Федэрацыі, аказаліся ў стане падманутых.
Справа ў тым, што ў пачатку 90-ых гадоў мінулага стагоддзя Беларусь увяла атэстацыю працоўных месцаў на шкоднасць. Таму ў спецыяльны стаж залічваюцца толькі перыяды працы на атэставаных працоўных месцах. У Расеі ж атэстацыя не ўводзілася, а таму органы сацыяльнага забеспячэння Беларусі працу ў суседняй краіне на неатэставаных працоўных месцах у якасці спецыяльнага стажу не прызнаюць.

Вось  так і атрымалася, што расейцам, якія працавалі ў Беларусі па прафесіях з шкоднымі ўмовамі працы, гэта праца залічваецца ў спецыяльны стаж, а вось беларусам, якія працавалі ў Расеі, праца ў такі стаж не залічваецца. Пры гэтым адпаведныя органы  Беларусі спасылаюцца на тое, што такі парадак пенсійнага забеспячэння замацаваны ў дагаворы паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Федэрацыяй аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння ад 24 студзеня 2006 года.
Як бачым, беларусы дыскрымінуюцца на міждзяржаўным роўні.
У лік такіх патрапіў і жыхар Смаргоні Міхась Сакалоў. Ён змарнаваў у Расіі 1 год і 3 месяцы свайго жыцця на працы электразваршчыкам ручной зваркі. І акурат ў межах гэтага тэрміну працы яму і не хапіла спецыяльнага стажу, каб атрымаць пенсію на ільготных умовах у роднай краіне.

У гэтай справе не дапамог і суд Смаргонскага раёна, які ў сваім рашэнні таксама спаслаўся на ўзгаданы міждзяржаўны дагавор.
Як бачым, справа ў недасканаласці заканадаўства. Таму Міхась Сакалоў звярнуўся да памочніка прэзідэнта – інспектара па Гарадзенскай вобласці Сяргея Раўнейкі. Пры гэтым прапанаваў з дапамогай прэзідэнта ініцыяваць прыняцце нарматыўнага акта, які б гарантаваў безумоўнае ўключэнне беларусам ў спецыяльны стаж працы ў Расеі па адпаведных прафесіях. Але памочнік прэзідэнта даручыў разгляд прапановы Гарадзенскаму аблвыканкаму, які не ўпаўнаважаны вырашаць такія пытанні. Таму Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама   ў сваім лісце ад 27.11.2017 №1-12/С-253 пасля разгляду прапановы паведаміў, што пры ўнясенні змен у расейска-беларускі дагавор «будзе вывучана магчымасць сумавання спецыяльнага стажу». Калі і хто будзе ініцыяваць змены, у адказе не паведамляецца.

Дык хто ж прыме на сябе адказнасць за вырашэнне пытання спынення дыскрымінацыі беларусаў у стасунках з Расеяй?

06.12.2017

праваабарончыя сайты