Навіны

ЦВК дае ўстаноўку на празрыстасць скрыняў, на празрыстасць падліку галасоў – не


Кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына. Фота: svaboda.org

У Метадычным дапаможніку для ўчастковых выбарчых камісій, апублікаваным на сайце ЦВК, ніякіх зменаў працэдуры падліку галасоў, на чым пастаянна настойваюць міжнародныя і нацыянальныя назіральнікі, не адлюстравана. Як вынікае з рэкамендацый ЦВК, арганізатары мясцовых выбараў засяродзяцца толькі на тэхнічным баку празрыстасці.       

Пры вывучэнні зацверджанага Цэнтрвыбаркамам Метадычнага дапаможніка для ўчастковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць восьмага склікання, незалежных назіральнікаў найперш цікавілі палажэнні, датычныя арганізацыі і парадку галасавання, працэдуры падліку галасоў на выбарчых участках. Тым больш што летась кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына ў размове з журналістамі сярод прапановаў па дэмакратызацыі выбарчага працэсу, якія павінны былі быць сфармуляваныя ў выніку працыміжведамаснай рабочай групы па вывучэнні рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, узгадвала і “ўдасканаленне парадку падліку галасоў”.   

Рэкамендацыі пра скрыні, пломбы і сігналізацыю на выбарчых участках

Параўнанне адпаведных пунктаў сёлетняй метадычкі для УВК з папярэдняй, што была на парламенцкіх выбарах 2016 года, паказвае, што ў гэтую выбарчую кампанію ЦВК перанесла свае рэкамендацыі наконт вырабу новых скрыняў для галасавання з празрыстых матэрыялаў і выкарыстання аднаразовых пластыкавых пломбаў пры апламбаванні скрыняў.

Варта адзначыць, што выкарыстанне аднаразовых пластыкавых пломбаў для забеспячэння цэласці скрыняў для галасавання можа быць эфектыўным толькі пры пэўных умовах, пра якія ў дапаможніку нічога не гаворыцца.   

Фота: informburo.kz

“Гэта мае сэнс толькі калі на кожнай пластыкавай пломбе будзе ўказаны індывідуальны нумар кожнага канкрэтнага выбарчага ўчастка. Прычым такія пломбы павінны выдавацца строга па колькасці скрыняў на выбарчым участку. На выбарах у іншых краінах мы бачылі, напрыклад, што на скрыню мацуюцца дзве пластыкавыя пломбы. Без гэтай акалічнасці самі па сабе пластыкавыя пломбы асаблівай ролі не маюць”, - кажа аналітык кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч.  

Дарэчы, пытання захаванасці тычыцца і яшчэ адзін пункт. Дзеля забеспячэння цэласці скрыняў і дакументаў па выбарах у дні датэрміновага галасавання, “памяшканні, абсталяваныя ахоўнай сігналізацыяй з вывадам сігналу трывогі на пульт цэнтралізаванага назірання падраздзяленняў Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, здаюцца пад сігналізацыю”. Тут жа дадаецца, што “ахова скрыняў для галасавання ў паўнамоцтвы назіральнікаў не ўваходзіць”.

Некаторыя магчымасці назіральнікаў агавораны асобна

Як і падчас папярэдніх парламенцкіх выбараў, у дапаможніку для ўчастковых камісій змешчана схема размяшчэння сябраў камісіі пры падліку галасоў: яны павінны размяшчацца такім чынам, каб адзін бок стала заставаўся адкрытым для назіральнікаў.  

“То бок, сябры камісіі не мусяць засланяць сабою стол, і гэта, канешне, добра. Бо раней вельмі часта нашыя назіральнікі, акрамя спінаў і іншых месцаў сябраў камісій, нічога бачыць не маглі. Асабліва калі яшчэ і вымушаныя былі сядзець вельмі далёка ад месца падліку галасоў”, - адзначае Валянцін Стэфановіч.

Зараз фармулёўка адносна размяшчэння назіральніка гучыць так: “Назіральнікі, прысутныя пры падліку галасоў, займаюць месцы, якія дазваляюць ім назіраць за дзеяннямі сябраў участковай камісіі, але так, каб не ствараць пры гэтым перашкодаў іх працы”.  

“У дапаможніку няма прадпісанняў камісіям вызначаць месцы для назіральнікаў. Цяперашняя фармулёўка досыць гнуткая. Фактычна назіральнік можа перамяшчацца, назіраючы за працай камісіі, і знаходзіцца каля стала, за якім ажыццяўляецца падліку галасоў”, - працягвае праваабаронца.  

Ён падкрэслівае, што пры ўстанаўленні вынікаў выбараў важная не толькі прысутнасць назіральніка на ўчастку і адлегласць, на якой ён знаходзіцца ад стала з бюлетэнямі. Празрыстасць падліку галасоў – гэта найперш празрыстасць саміх працэдур.

У працэдуры падліку галасоў – ніякіх зрухаў

У метадычным дапаможніку апісваецца, як павінны дзейнічаць сябры камісіі на этапе падліку галасоў: ускрыць скрыні, адсартаваць бюлетэні, аддзяліць несапраўдныя з іх, устанавіць колькасць галасоў. Якім чынам павінен ажыццяўляцца падлік галасоў – не прапісана.

“Вынікі падліку галасоў абвяшчаюцца старшынёй участковай камісіі” – і кропка.

У той жа час, нацыянальныя і міжнародныя назіральнікі ў сваіх рэкамендацыях адзначаюць неабходнасць дэтальна прапісаць, як мусіць ажыццяўляцца працэдура падліку галасоў. І, нагадаем, менавіта грубыя парушэнні падчас падліку галасоў аказалі вырашальны ўплыў пры прыняцці рашэння аб непрызнанні парламенцкіх выбараў 2016 года назіральнай місіяй БДІПЧ АБСЕ.

Для вырашэння гэтай праблемы эксперты кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” прапаноўвалі ЦВК заканадаўча замацаваць наступную рэкамендацыю БДІПЧ АБСЕ: «Падлік галасоў павінен ажыццяўляцца празрыста, ва ўмовах, калі ўсе сябры УВК, назіральнікі і давераныя асобы кандыдатаў змаглі б пацвердзіць вынік гэтага працэсу. З мэтай павышэння грамадскага даверу варта разгледзець магчымасць абвяшчэння і дэманстрацыі выбару на кожным бюлетэні ўсім прысутным, а таксама абвяшчэнне ўсіх лічбаў, якія ўводзяцца ў пратакол УВК». Лідзія Ярмошына адказала праваабаронцам, што імплементацыя гэтай рэкамендацыі “не ўзгадняецца з заканадаўствам”.

Валянцін Стэфановіч не пагаджаецца з адказам старшыні ЦВК:

“Выказваючы такую прапанову, мы зыходзілі з таго, што дэталізаваная працэдура падліку галасоў можа быць замацаваная пастановай Цэнтральнай выбарчай камісіі, змешчаная ў метадычных рэкамендацыях для ўчастковых выбаркамаў, бо ў Выбарчым кодэксе на гэтую тэму нічога не сказана. Нельга сцвярджаць, што прапануючы такія працэдуры, мы выходзім за межы Выбарчага кодэкса. Не, мы не выходзім за межы Выбарчага кодэкса.

Калі б у метадычным дапаможніку была рэкамендацыя ЦВК, якім шляхам трэба ажыццяўляць падлік галасоў, то ўчастковыя камісіі маглі б правесці пасяджэнне перад пачаткам падліку і зацвердзіць гэтую працэдуру, вызначыўшы, хто з сябраў камісіі будзе агучваць вынікі па кожным бюлетэні. Але, на жаль, у гэтай частцы па-ранейшаму нічога не змянілася”.

Праваабаронца звяртае ўвагу, што пры захаванні ранейшай працэдуры падліку галасоў і асаблівасці мясцовых выбараў непразрыстасць толькі павялічыцца.

“Будзе вялікая колькасць бюлетэняў, бо выбары будуць адбывацца ў рознаўзроўневыя Саветы дэпутатаў (у Мінску ў выбаршчыка будзе адзін бюлетэнь, бо мінчукі абіраюць толькі дэпута Мінгарсавета, а жыхарам іншых населеных пунктаў будуць выдаваць да трох бюлетэняў – для выбараў дэпутата сельскага ці пасялковага савета, дэпутата раённага савета і дэпутата абласнога савета). Спачатку бюлетэні трэба будзе адсартаваць па саветах кожнага ўзроўню, пасля падлічыць па кожным з іх, раскладаючы па кандыдатах. І пажадана, каб гэта рабіў адзін сябра камісіі на кожным этапе: адзін – раскладаў бюлетэні па ўзроўню саветаў, затым другі – лічыў бюлетэні па кожным узроўні, дэманструючы бюлетэнь за кожнага кандыдата, і так далей.

Бо калі зноўку ўсе сябры камісіі будуць рабіць усё разам, то назіральнік, нават калі ён будзе стаяць каля стала з бюлетэнямі, не зразумее, што там адбываецца, і не зможа суаднесці лічбы ў пратаколах па выніках галасавання з тым, што ён убачыў”.     

Дарэчы, у дапаможніку для УВК не акцэнтуецца ўвага на колькасці выніковых пратаколаў на ўчастку для галасавання з улікам рознаўзроўневасці выбараў.

Разам з тым, прапісана, што “назіральнік мае права сфатаграфаваць вывешаную копію пратаколу”. Гэта важная магчымасць: паколькі завярэнне копіі пратаколу для назіральніка ўчастковай камісіяй не прадугледжана, то фатаздымак фактычна будзе з’яўляцца такой заверанай копіяй, бо там будуць подпісы сябраў выбаркаму.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

https://elections2018.spring96.org/be/news/88510

07.12.2017

праваабарончыя сайты