Навіны

ААН - Беларусі: высылаць іранца, якому пагражае смяротнае пакаранне, нельга

Мерхдад Джамшыдзіян. Фота Tut.by

Камітэт ААН па правах чалавека запатрабаваў ад Беларусі не высылаць іранца Мехрдада Джамшыдзіяна, якому на радзіме пагражаюць катаванні і смяротнае пакаранне па выніках суда, пішуць naviny.by.

Пра гэта паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, які 6 снежня атрымаў рашэнне па гэтай справе камітэта, дзе ён прадстаўляе інтарэсы Джамшыдзіяна.

Праваабаронца нагадаў, што іранец прыехаў у Беларусь у 1993 годзе, заняўся бізнэсам, ажаніўся з беларускай. У яго сям'і трое дзяцей, усе яны - грамадзяне Беларусі.

У 2012 годзе Джамшыдзіян двойчы затрымліваўся для экстрадыцыі ў Іран. Генеральная пракуратура адмовіла ў яго выдачы, так як іранскі бок не даў неабходныя для гэтага дакументы.

На радзіме Джамшыдзіян падазраецца ў здзяйсненні падвоенага забойства - маці і роднага брата.

Сам Джамшыдзіян адмаўляе сваю вінаватасць у дадзеным злачынстве. На гэтым настойваюць і яго пляменніца і другі родны брат, якія пражываюць у Іране і неаднаразова звярталіся ў праваахоўныя органы з просьбай спыніць крымінальны пераслед сваяка.

У 2013 годзе аддзелам унутраных спраў Заводскага раёна Мінска было прынята рашэнне выслаць іранца з Беларусі па меркаваннях нацыянальнай бяспекі, так як той падазраецца ў здзяйсненні цяжкага злачынства за мяжой. У 2013-2014 гадах Джамшыдзіян тройчы затрымліваўся (апошні раз 10 чэрвеня 2014 гады) для ажыццяўлення прымусовай высылкі.

16 студзеня 2015 года Джамшыдзіян быў вызвалены з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску па гуманітарных падставах: у сувязі з цяжкай хваробай яго сына.

У 2013-2014 гадах Мехрдад неаднаразова звяртаўся да беларускіх уладаў з просьбай даць яму прытулак, бо ў Іране яму пагражаюць катаванні і пераслед за змену веравызнання з ісламу на хрысціянства.

Органамі па міграцыі МУС яму было адмоўлена ў прытулку, і таму Джамшыдзіян звяртаўся ў суды Мінска, беспаспяхова абскарджвая дадзеныя адмовы.

28 кастрычніка 2014 года Камітэт па правах чалавека ААН у тэрміновым парадку зарэгістраваў скаргу, пададзеную жонкай іранца - Аленай Джамшыдзіян.

Дадзеная скарга разгледжана камітэтам у лістападзе 2017 года. Камітэт устанавіў, што Мехрдаду Джамшыдзіяну ў выпадку выдачы ў Іран рэальна пагражаюць катаванні і смяротнае пакаранне па выніках судовага працэсу, які не адказвае мінімальным гарантыям справядлівага суда.

«Трэба сказаць, што Беларусь упершыню выканала прамежкавыя меры абароны: не ажыццявіла высылку Мехрдада падчас разгляду яго справы ў Камітэце па правах чалавека, - дадаў Кісляк. - Цяпер нашыя адпаведныя кампетэнтныя органы павінны канчаткова адмовіцца ад ідэі выслаць, выдаць ці іншым чынам пераправіць Джамшыдзіяна ў Іран, так як гэта будзе грубым парушэннем яго права на жыццё і забарону катаванняў».

Праваабаронца падкрэсліў, што гэта першая беларуская справа аб высылцы грамадзян, разгледжаная ў Камітэце ААН па правах чалавека.

http://spring96.org/be/news/88513

07.12.2017

праваабарончыя сайты