Навіны

80 гадоў з дня расстрэлу Ігната Дварчаніна

Выдатны дзеяч беларускага нацыянальнага Адраджэння, навуковец, паэт, пісьменнік, літаратуразнавец і філосаф Ігнат Дварчанін нарадзіўся 8 чэрвеня 1895 году ў вёсцы Погіры Слонімскага павету (цяпер Дзятлаўскі р-н). Паходзіў з сям’і малазямельнага арандатара. У 1912-ым скончыў Дзятлаўскую школу, атрымаў атэстат народнага настаўніка. Пасля тры гады настаўнічаў у вёсцы Хмяльніца на Слонімшчыне. З траўня 1915-га служыў у расейскім войску, ваяваў на Заходнім фронце ў чыне падпаручніка. З чэрвеня 1917-га быў у Мінску, стаў сябрам Беларускай сацыялістычнай Грамады, Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. З сакавіка 1918-га – сакратар культурна-асветніцкага аддзелу Белнацкаму ў Маскве. Браў актыўны ўдзел у нарадзе настаўнікаў беларускіх школ у ліпені 1918-га. У гэты час вярнуўся на радзіму. Стварыў беларускую пачатковую школу ў вёсцы Пецюкі.

У 1919-ым на віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсах арыштаваны польскімі ўладамі як эсэраўскі актывіст, накіраваны ў лагер для інтэрнаваных у Беласток. Адтуль уцёк і перабраўся ў Мінск, дзе стаў студэнтам беларускага педінстытуту. Са снежня 1920-га да ліпеня 1921-га ў Вільні, працаваў вартаўніком, пісарам, настаўнікам у мястэчку Сьвір. Здаў экстэрнам іспыты за курс Віленскай беларускай гімназіі. Летам 1921-га накіраваны ў Латвію, чытаў лекцыі па беларусазнаўстве ў Дзьвінску. Адзін з заснавальнікаў там культурна-асветніцкага таварыства “Бацькаўшчына”. Быў накіраваны ТБШ на вучобу ў Прагу ў Карлаў універсітэт. Скончыў там у 1925-ым гісторыка-філалагічны факультэт. Праз год абараніў дысертацыю на тэму “Францішак Скарына як культурны дзяяч і гуманіст на беларускай ніве”, стаў доктарам філасофіі. Стварыў у Празе арганізацыю незалежных сацыялістаў, быў старшынём Аб’яднання прагрэсіўных беларускіх студэнтаў у Празе, сябрам Беларускай рады. Выдаваў бюлетэні і часопіс “Перавясла”.

У 1926-ым Дварчанін вярнуўся ў Вільню, актыўна далучыўся там да беларускага руху. Быў сакратаром Беларускага выдавецкага таварыства, выкладаў літаратуру ў Віленскай беларускай гімназіі. Пераклаў на беларускую мову паэму Аляксандра Блока “Дванаццаць”. Склаў і выдаў у 1927-ым “Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры”. Супрацаваў з часопісамі “Родныя гоні” і “Маланка”, выдаваў газету “Narodny zwon”.

У 1928-ым абраны ў польскі сойм ад Наваградку, стаў сябрам пасольскага клубу “Змаганьне”. Быў сябрам Галоўнай управы ТБШ. У 1930-ым арыштаваны польскімі ўладамі, засуджаны на працэсе беларускага клубу “Змаганьне” ажно да 8 гадоў турмы. Сядзеў у вязніцы ў польскім Равічу. Вызвалены у верасні 1932-га ў выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай. З лістапада 1932-га працаваў у АН БССР у камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі, выконваў абавязкі дырэктара Інстытуту мовазнаўства.

У час сталінскіх рэпрэсій арыштаваны ў жніўні 1933-га па справе Беларускага нацыянальнага цэнтру. Быў засуджаны да расстрэлу, які замянілі на 10 гадоў савецкага канцлагеру. Высланы на Салавецкія астравы, пасля на Беламорска-Балтыйскі канал. Але карнай сатанінскай сістэме і гэтага было мала. Тройкай НКВД па Ленінградскай акрузе зноў засуджаны да расстрэлу. Расстраляны 8 снежня 1937-га. Брат Іларыён Дварчанін таксама загінуў у савецкім канцлагеры.

У снежні 1989-га ў Дзятлаве Ігнату Дварчаніну ўсталяваны бюст-помнік.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

 

08.12.2017

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты