Навіны

80 гадоў з дня гібелі Антона Грыневіча

Збіральнік беларускага музычнага фальклору, выдавец, педагог, кампазітар Антон Грыневіч нарадзіўся 3 траўня 1877 года ў фальварку Іваноўшчына Лепельскага павету (цяпер Полацкі раён). Скончыў Дзісненскае гарадское вучылішча. Быў калежскім сакратаром у Санкт-Пецярбургу, служыў там у дэпартаменце гандлю і промыслу. Заснавальнік прыватнага “Выдавецтва Антона Грыневіча” (1910 год). Удзельнік легендарнай беларускай суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца”. У 1910-1912 гадах выдаў два тамы кніжкі “Беларускія песьні з нотамі”, куды ўвайшлі класічныя творы беларускага меласу. Другі том выдаў разам з Андрэем Зязюлем. Выдавецтва выпусціла за тры гады ў свет 11 кніжак, у тым ліку зборнікі паэзіі Янкі Купалы “Гусляр”, “Адвечная песня”, тры зборнікі апавяданняў Якуба Коласа, першую кнігу Уладзіслава Галубка “Апавяданні”, зборнікі навелаў Таўруса і Гвазда. Антон Грыневіч быў у 1918-ым у Маскве загадчыкам мастацкай падсекцыі Беларускага нацыянальнага камітэту. У 1919-ым – загадчыкам Беларускага народнага дому ў Мінску. Выкладаў таксама ў школе, у беларускай гімназіі (да чэрвеня 1920-га).

У Вільні жыў і працаваў з 1920-га году. Падтрымліваў Беларускую драматычную майстэрню. У Вільні выдаў “Народны спеўнік” (1920 г.), “Школьны спеўнік” (1920 г., у ім змясціў і свае творы на словы Купалы, Коласа, Леўчыка), “Навуку спеву” (1923 г.), «Беларускі дзіцячы спеўнік» (1925 г.). У Вільні рыхтаваў “Канцэртны спеўнік”, “Аднагалосыя, двухгалосыя і харавыя канцэртныя спевы”. Некаторыя яго творы – “Гэй, наперад!”, “Касцу”, былі вельмі папулярнымі ў Заходняй Беларусі. Планаваў выданне вялікага музыка-этнаграфічнага зборніка беларускіх песень, запісаных ім у 1906-1920 гг. У гэты віленскі перыяд Антон Грыневіч быў арыштаваны дэфензівай, зняволены на Лукішках, па некаторых звестках адбыў амаль год у варшаўскай турме. Пазней быў звольнены з Віленскай беларускай гімназіі за “нядобранадзейнасць”, ізноў паддадзены следству. Уцёк з Польшчы у БССР.

Жыў у Менску з 1925-га году. Сакратар музычнай падсекцыі Інстытуту беларускай культуры ў 1925-28 гадах. Пасля працаваў у Акадэміі навук БССР (1929-1930). Удзельнічаў у этнаграфічных экспедыцыях па Палессі, Полаччыне, іншых паўночных раёнах Беларусі. Падрыхтаваў да друку ў БССР зборнікі “Аднагалосыя, двухгалосыя і шматгалосыя народныя песні”, “Дзіцячыя гульні”, зборнік фартэпіянных твораў рэвалюцыйнага зместу на тэксты беларускіх пісьменнікаў. Збіраў фальклор на Палессі і ў Падзвінні. Зрабіў каля 300 запісаў узораў меласу, дзіцячых гульняў на Тураўшчыне і Полаччыне. Антон Грыневіч – аўтар артыкулаў у беларускім перыядычным друку. У часопісе “Наш край” апублікаваў артыкул “Праграма-інструкцыя для збіральнікаў беларускай музычна-этнаграфічнай творчасці” (1925 г., №1).

У 1928-33 гадах жыў у Гарадку і Віцебску. Арыштаваны ў верасні 1933 году, паводле пастановы пазасудовага органу ў сакавіку 1934-га засуджаны да 10 гадоў зняволення ў лагеры. Памёр у Ленінградзе ў зняволенні ў веку 60 гадоў 8 снежня 1937 году. У архівах Беларусі і Вільні захоўваецца да 1000 запісаў беларускага меласу, сабраных Антонам Грыневічам. Яго фалькларыстычную і музычна-прапагандысцкую дзейнасць высока ацанілі Змітрок Бядуля, а таксама кампазітар і знавец беларускага меласу Міхаіл Анцаў. 

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

 

08.12.2017

Відэа

праваабарончыя сайты