Навіны

У Гародні адзначылі дзень нараджэння Максіма Багдановіча

126 гадоў з дня  нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча адзначылі ў Гародні. Для аматараў яго творчасці была арганізаваная тэатралізаваная экскурсія па пакоях музея, які носіць яго імя. Два дзясяткі гарадзенцаў сустрэла супрацоўніца музея ў ролі Марыі Апанасаўны Багдановіч.

Яна, ад першай асобы апавяла экскурсантам пра жыццё сваё і усёй сям’і Багдановічаў, падчас іх побыту ў Гародні. Якія ж уражанні засталіся пасля экскурсіі, кажа яе ўдзельніца:

– Вось выйшлі з доміка Багдановіча. Паслухалі цікавую экскурсію. Вельмі спадабаўся такі фармат, калі супрацоўніца музея зрабіла для нас тэатралізаванае прадстаўленне. Бо гэта набліжае да чалавека. І ідэя з гарбаткай вельмі спадабалася. Не тое, што мы не можам зрабіць яе ў сваёй хаце. А гэта аб’ядноўвае людзей. Сталі каля стала, папілі, пагаварылі, пасмяяліся. Было файна, дзякуй!

Музей Багдановіча ў Гародні аб’ядноўвае беларусаў, як сказала адна з удзельніц экскурсіі.

Некаторыя, пачуўшы пра дзень народзінаў Максіма Багдановіча, самі прыйшлі, каб больш даведацца пра жыццё сям’і паэта.

– Першы раз я ў гэтым музеі быў у дзяцінстве. Вельмі вялікае ўражанне я атрымаў. Ягоная калыска, мэбля… Са школы памятаю: “Помніш, калі я спаткаўся з табою, зорка Венера ўзышла”.

У дзевяностых гадах, падчас стогадовага юбілею Максіма Багдановіча, у Гародні, дэмакратычная супольнасьць дамагалася ўсталявання помніка паэту. Было вызначана месца і сабраныя грошы. І вось, прайшло больш за чвэрць стагоддзя, а помнік так і не паўстаў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара

Чытай больш на: https://www.racyja.com/kultura/u-garodni-adznachyli-dzen-naradzhennya/

09.12.2017

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты