Навіны

Тагл Цізер Эліт, Фаліпс, Ізі Курвс…

Штодня паштовыя скрынкі нашых дамоў закідваюць рознымі рэкламнымі лістоўкамі, буклетамі, брашурамі. Многія людзі іх зусім не чытаюць – адразу выкідваюць у сметніцу, альбо збіраюць на макулатуру. За год такіх папер назбіраецца даволі шмат, ды і надрукаваныя яны на добрай, якаснай, крэйдавай паперы. Таму, калі здаваць на макулатуру і пакласці гэту паперу на вагі, то заважыць яна шмат.

Я таксама ніколі не чытаў, што там рэкламуюць у гэтых лістоўках і буклетах. Але сёння, дастаючы з паштовай скрынкі чарговы рэкламны прыгожы буклет (не буду рэкламаваць яго назву), вырашыў уважліва прачытаць. Ды і чытаць было што. На 85 старонках здавалася рэкламавалі ўсё, што ёсць на свеце. Падумалася, нечакана на Беларусь, як нейкая навальніца, завітала разнастайная рэклама: ад бамбукавых падушак да кораню жэньшэню. Але што там рэкламуюць, мяне менш цікавіла. Мяне ашаламіла назва тавараў, якія рэкламуюць. Вядома ж, уся рэклама надрукавана на рускай мове, беларускаму слову там месца няма. Хаця беларуская мова даволі шыкоўна слухаецца і чытаецца, ярка рэкламуе любы тавар. А можа, наадварот, беларускай мове пашанцавала, што яна не трапіла ў падобны буклет з рэкламай. Бо з-за назваў шматлікіх тавараў там і рускай мовы не відаць. Яна ў палоне і задушана рознымі новымі неалагізмамі і чужымі словамі. Калі чытаеш падобную рэкламу, здаецца, што гэтыя словы зараз на цябе нападуць і ты ад іх не адаб’ешся ніколі. Яны нагадваюць нейкія казачныя страхоцці, ад якіх хочацца ўцячы дахаты ці кінуць гэты буклет у печ.

Давайце некалькі падобных  назваў тавараў прачытаем разам. Вядома ж, я іх пастараўся перакласці на беларускую мову. Чытаем: вагі дзіцячыя Момерт, фіксатар вялікага пальца Вальгус Про, спа-сістэма Ізі Фіт, чорная маска Блэк Маск, люстэрка Боер БС49, фламасцер Меджык Пенс, трымер Мікротач Свічблейд, плампер для павялічэння вуснаў Фаліпс, грэбень Пауэр Гроу, плойка Інстайлер Цьюліп, плойка-стайлер Бэбіліс-Про, расчоска Тагл Цізер Эліт, калготкі Эла Слім, шарф-трансформер, бюстгалтэр Флай Бра, бюстгалтэр Ах Бра, шорты Хот Шэйперс, велатрэнажор Байсі Дуал, трэнажор для ўсяго цела Вандэр Кор Смарт, трэнажор для падбаротка Нейклайн Слімер, трэнажор для грудзей Ізі Курвс, міастымулятар Аб Тронік, браслет Пауэр Баланс, казырок для дня і ночы Кліар Вью, сумка Мэджык Бэгпіла Ратарайзер, гольфы Зіп Сокс…. Гэты спіс можна бясконца працягваць. І нават калі я ў назвах хоць на адну літару памыліўся – ролі не сыграе. А можа, наадварот, яшчэ больш прарэкламуе той ці іншы тавар.

Не магу зразумець, ці я ўжо стаў старым у гэтым жыцці і нічога не разумею, ці проста люд наш ужо звар’яцеў. Бо адэкватны, разумны  чалавек не можа сёння рэкламаваць, а тым болей купляць трэнажор для грудзей Ізі КУРВС.

Сяргей Чыгрын  

 

09.12.2017

Архіў

Жнівень 2018
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты