Навіны

165 гадоў з дня нараджэння Вандаліна Шукевіча

Археолаг, этнограф, фалькларыст, калекцыянер Вандалін Шукевіч нарадзіўся 10 снежня 1852 года ў мясцовасці Нача (сучасны Воранаўскі раён). Паходзіў з сям'і адваката Аляксандра Шукевіча і Аліны Воўк-Карачэўскай. Маёнтак Нача быў маёмасцю маці. Пасля нараджэння Вандаліна бацькі развяліся, выхоўвалі яго маці і бабуля. Яны фармавалі характар будучага вучонага і займаліся яго адукацыяй. Вучыўся Вандалін дома, першым настаўнікам стаў сябра Уладзіслава Сыракомлі паэт Уладзіслаў Абакановіч. У 1869-ым разам з сястрой Ідаліяй Вандалін Шукевіч прыехаў вучыцца ў Варшаву. Паступіць ва ўніверсітэт, дзе ўжо панавала расейская мова, ён з розных прычынаў ня здолеў і ў 1871-ым вярнуўся ў Начу. Пераняў кіраванне маёнткам і займаўся сельскай гаспадаркай. Адначасна купляў кнігі ў Вільні, выпісваў іх з-за мяжы і працягваў самаадукоўвацца. Паглыбляў веды ў гісторыі, археалогіі, прыродазнаўчых навуках. Захапляўся фізікай і астраноміяй.

Першай жонкай Вандаліна была Браніслава з сям’і Сямашкаў-Паўловічаў, дачка чыноўніка курыі біскупаў у Вільні. З ёй меў сына Рамана Зыгмунта і дачку Ванду Аліну. Жонка рана памерла. Шукевіч ажаніўся другі раз – з Юліяй Камінскай. Гэты шлюб стаўся няўдалым, жонка не разумела навуковых захапленняў мужа і атручвала яму жыццё.

Шукевіч даследаваў археалагічныя помнікі на паўночным захадзе Беларусі і поўдні сучаснай тэрыторыі Літвы. Адкрыў больш за 130 помнікаў каменнага веку, вёў раскопкі грунтавых і курганных могільнікаў каля вёсак Нача, Пузелі. (Вараноўскі раён), Вензаўшчына, Дварчаны, Апонаўцы, Сырні, Чарнішкі. Даследаваў 16 курганоў і 376 каменных магіл тыпу жальнікаў XIII—XIV стст. Увосень 1903 году Шукевічам было зроблена вельмі цікавае, адразу заўважанае ў навуковым свеце, адкрыццё так званых грунтовых магіл. Вандалін Шукевіч  даследаваў Троцкі, Лідскі і Радуньскі замкі. 

У ваколіцах Ліды Шукевіч запісваў народныя паданні, легенды, прыкметы, якія потым публікаваў у часопісах. Дзве вялікія цікавыя працы Вандаліна Шукевіча данеслі да нас сотні запісаў помнікаў духоўнай народнай творчасці. Так, у артыкуле “Народныя вераванні і абрады (забабоны, прымхі, прадказанні і інш.), сабраныя ў Віленскай губ.” змешчана 432 запісы. Гэты збор дапаўняецца тэкстамі 15 легендаў, паданняў, чарадзейных апавяданняў і 159 вераванняў, прымхаў у артыкуле “Некаторыя вераванні, прымхі і забабоны нашага люду, легенды і паданні”. Значную цікавасць уяўляе і артыкул Шукевіча “Старажытныя лекавыя сродкі”, прысвечаны народнай медыцыне. У 1916-17 гадах Вандалін Шукевіч у наваколлях Начы адчыніў ажно 18 школ пачатковага роўню, запрасіў настаўнікаў з гораду, забяспечыў дзяцей падручнікамі, алоўкамі і іншымі прыладамі, даваў кнігі з сваёй бібліятэкі.

Памёр Шукевіч 1 снежня 1919 года ў Начы. Археалагічныя і этнаграфічныя калекцыі ён захоўваў у маёнтку ў Начы, пры жыцці перадаў іх у Віленскі музей Таварыства сяброў навук, а таксама ў зборы Эразма Маеўскага ў Варшаве і ў Этнаграфічны музей у Кракаве. Пэўныя рэчы трапілі таксама ў музеі Пецярбурга і Масквы. Віленскія зборы ў час войнаў і зменаў улады былі амаль поўнасцю знішчаны і разрабаваны. Пахаваны каля в. Нача ў сямейнай капліцы (Вараноўскі р-н). Капліца доўгі час была ў разрабаваным і паўразбураным стане. У 2004-ым годзе адрамантавана, цяпер там алтар і склеп з парэшткамі Шукевіча і яго сямейнікаў.

Уладзімір Хільмановіч

 

 

 

10.12.2017

Архіў

Сьнежань 2018
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты