Навіны

180 гадоў з дня нараджэння Камілы Марцінкевіч

Сёлета споўнілася 180 гадоў з дня нараджэння Камілы Марцінкевіч, беларускай піяністкі, дачкі пачынальніка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Таленавітая кампазітарка і спявачка, настаўніца і патрыётка – гэтая ахвярная дзяўчына актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці краю, за што яшчэ ў маладосці была арыштавана і выслана за межы Айчыны ў Салікамск (Пермская губерня).

Дакладная дата нараджэння Камілы Марцінкевіч у цяперашняй сталіцы Беларусі невядомая – у розных крыніцах пазначаны проста год – 1837-ы. Домік, у якім жыло сямейства Марцінкевічаў у Мінску, стаяў у раёне цяперашняга выхаду з метро на станцыі “Плошча Перамогі” насупраць магазіну “Шчодры”. У 1830-ыя гады гэта былі гарадскія выселкі, якія называлі Захараўскай ці Стацкай слабадой. Тут тады стаялі невялікія домікі для дробных чыноўнікаў. Граць на фартэпіяна Каміла вучылася ў Мінскім пансіёне Мантэграндзі. Яркі музычны талент і рэдкасане прафесійнае майстэрства ўжо ў юнацкія гады прынеслі ёй шырокую вядомасць. Вучаніца Дамініка Стэфановіча Каміла ўжо з 8 гадоў выступала з канцэртамі ў розных гарадах. Значны поспех мелі яе канцэрты з братам Міраславам у1849 годзе ў Кіеве і ў 1850 у Варшаве. Разам з творамі Шапэна і Ліста Марцінкевіч выконвала ўласныя варыяцыі на тэму песні А. Варламава “Чырвоны сарафан”. На жаль, цяжкае матэрыяльнае становішча сям’і, не дазволіла ёй скончыць кансерваторыю.

Менавіта Каміла Марцінкевіч, паводле рапартаў расейскай жандармерыі, першай пачынала спяваць патрыятычныя гімны ў касцёле, за што апынулася ў багадзельні (тагачаснай псіхлякарні). Яна ж выліла на галаву менскаму губернатару графу Э. Келеру вядро памыяў і, седзячы пад арыштам у Менскім турэмным замку (Валадарка), змагла выкінуць пад ногі паўстанцу, якога вялі на пакаранне, букет кветак. Да заключэння і высылкі яна займалася адукацыяй простых людзей, грала акторкай у п’есах свайго бацькі, натхняла людзей сваёй узнёслай музыкай і спевамі, карміла арыштантаў з Варшавы, якіх гналі праз Менск на ўсход, а аднойчы нават спякла для іх пірог з цукровым надпісам “Чэсць Вам”, і толькі пільнасць жандарскага афіцэра не дазволіла “небяспечнаму” пірагу патрапіць да вязняў. Аднойчы менскі губернатар выслаў яе з Менску ў Вільню, але калі пра гэта даведаўся віленскі губернатар Назімаў, то вельмі ўзлаваўся на свайго калегу і адразу ж забараніў дзяўчыне ўезд на Віленшчыну, вярнуўшы яе назад. У 1863 годзе “як жанчына шкодная і зусім нядобранадзейная ў палітычных адносінах” выслана пад строгі паліцэйскі нагляд у Пермскую губерню Расеі.

Асноўным даследчыкам яе жыцця і дзейнасці ёсць Язэп Янушкевіч, які шмат зрабіў для вяртання гэтага слаўнага імя з нябыту. Дзякуючы яму сёння вядома, што высланая з краю Каміла выйшла замуж за лекара Казіміра Асіповіча, нарадзіла шасцёра дзяцей і здолела вярнуцца ў Вільню, каб потым шукаць рукапісы твораў свайго бацькі і захаваць іх для нашчадкаў. Вядома, што на радзіму Каміла Марцінкевіч вярнулася ў 1880 годзе. Памерла пасля 1890 году. Аднак час і месца яе пахавання доўгі час заставаліся таямніцай. Лічылася, што яна можа быць пахаваная на Росах альбо на Антокалі. Урэшце магіла Камілы Марцінкевіч была знойдзена выкладчыкам ЕГУ Юрасём Бачышчам на Бернардынскіх могілках Вільні. Стала вядома, што яна пахавана побач са сваім мужам Казімірам Асіповічам.

Уладзімір Хільмановіч

 

13.12.2017

Архіў

Лістапад 2019
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930

Відэа

праваабарончыя сайты