Навіны

Разгляд апеляцый фігурантаў справы «чорных рыэлтараў» у Вярхоўным судзе працягнецца ў панядзелак

Справа "чорных рыэлтараў" у Вярхоўным судзе 15 снежня 2017 года. Фота: ПЦ "Вясна".

Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі разглядае сёння апеляцыйныя скаргі двух фігурантаў так званай справы магілёўскіх «чорных рыэлтараў»: Ігара Гершанкова і Барыса Калеснікава. Усяго па справе праходзіла чатыры чалавекі, двое асуджаныя да вышэйшай меры пакарання -- растрэлу.

Па прысудзе Магілёўскага абласнога суда 21 ліпеня Сямён Беражной, а таксама муж і жонка Ігар і Таццяна Гершанковы абвінавачваліся ў здзяйсненні забойстваў і падрыхтоўцы да здзяйснення забойстваў, выкраданні чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымагальніцтве, крадзяжы або зьнішчэнні дакументаў. Таццяну Гершанкову дадаткова абвінавацілі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропаў. Судом было ўстаноўлена, што злачынная група агулам зарабіла на махінацыях з чужым жыллём больш за 2 мільярды недамінаваных рублёў.

Удзельнікам злачыннай групоўкі былі вынесеныя наступныя прысуды:

Ігару Гершанкову – вышэйшая мера пакарання - растрэл;

Сямёну Беражнову – вышэйшая мера пакарання -  растрэл;

Таццяне Гершанковай – 24 гады турмы з канфіскацыя маёмасці;

Барысу Калеснікаву – 22 гады і 1 месяц калоніі строгага рэжыму.

Следства па справе цягнулася 2.5 гады. Вядома таксама, што  маці асуджанага да смяротнага пакарання па справе «чорных рыэлтараў» Ігара Гершанкова заяўляла пра пагрозы сыну і збіцці яго падчас знаходжання пад вартай.

* * *

Старшынствуючы - суддзя Аляксей Рыбакоў. На судзе прысутнічае таксама прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Юрый Шарснёў.  Прыехалі з Магілёва і сваякі асуджаных: маці Гершанкова і Беражнова.

Ігар Гершанкоў заявіў у судзе, што не меў магчымасці накіраваць скаргі на супрацьпраўныя дзеянні праваахоўнікаў у Генеральную пракуратуру, паколькі яму не давалі іх адправіць з СІЗА. Кажа, што апошняя надзея на апеляцыйны суд, які мог бы адправіць заявы ад яго імя.  Гершанкоў таксама заявіў,  што ў дачыненні да яго ўжывалася фізічная сіла і псіхалагічны ўціск.

Усе мужчыны у кайданках і ў клетцы. Калі ў Гершанкова ўзнікла патрэба дастаць з папкі хадайніцтва, ён не змог гэтага зрабіць, чакалі, пакуль канвойны адам кне кайданкі, каб той змог дастаць паперу.

На судовае паседжанне не з'явіўся адвакат аднаго з асуджаных Барыса Калеснікава. Ён заявіў хадайніцтва аб выкліку яго ў суд. Абвешчаны перапынак.

Барыс Калеснікаў таксама прасіў суд далучыць да матэрыялаў справы яго заяву аб нязгодзе з пратаколам рашэння Магілеўскага абласнога суда. Ен таксама казаў, што гэтую сваю заяву ен спрабаваў адаслаць з турмы, але яе не выпускалі.

Пасля перапынку усе заяўленыя хадайніцтвы былі адхіленыя судом. Гершанкову вярнулі скаргу ў Генпракуратуру, якую ён прасіў перадаць суд, а хадаўніцтва Калеснікава аб выкліку адваката суд адхіліў, паколькі “прысутнасць абаронцы ў судзе апеляцыйнай інстанцыі неабавязковае”

Сямён Беражноў паведаміў суду, што спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, ён паводзіць сябе дзіўным чынам, кажа, што ўсё тут (у судзе) падстроена спецыяльна.

Суддзі запытваюць: «Вы ж просіце змякчыць пакаранне?”

Беражноў у адказ: “Я хачу, каб мяне забілі”.

Адвакаты просяць прызначэння судова-псіхіятрычнай экспертызы для Беражнога.

У судзе абвешчаны перапынак да 14 гадзін. Сямёну Беражному ў суд выклікалі хуткую дапамогу.

Пасля перапынку суд запатрабаваў прадставіць дадатковыя звесткі пра стан здароўя Сямёна Беражнога са следчага ізалятара. Працяг разгляду апеляцый прызначаны на панядзелак, 18 снежня.

Актывісты кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" уважліва сочаць за рэзанансным працэсам. 

https://dp.spring96.org/be/news/88609

16.12.2017

Відэа

праваабарончыя сайты