Навіны

Беларускі выбарчы таталізатар

У Беларусі стартанула чарговая выбарчая кампанія. Слова стартанула безумоўна тут занадта гучнае, але ж нейкі рух звязаны з выбарамі адбыўся. Камісіі створаныя, акругі нарэзаныя, назіральнікі, у тым ліку і я, назіраюць, паседжанні праходзяць, усё як у людзей. Вось толькі пераможцы яшчэ афіцыйна не аб’яўленыя. Можна было б і аб’явіць. Мяркую, што ўсе яны ўжо вядомыя, але ўсё павінна быць у свой час.

На мінулых выбарах у парламент гэта зрабіла незалежная прэса. І практычна без памылак. Абышліся нават без аналізу прадказанняў Настрадамуса. Сваімі сіламі адгадалі амаль ўсіх. Такой лёгкай загадкай было толькі тое, колькі апазіцыянераў прапусцяць у наш славуты беларускі парламент. Я лічыў што аніводнага. А адзін з сяброў камісіі, дзе я назіраў, сказаў што прапусцяць двух. Паспрачаліся. Я прайграў дзесяць баксаў.

Не, я не шкадую тых баксаў. Галоўнае каб гэтыя два ад апазіцыі напрацавалі на іх. Тады будзе не так крыўдна за сам факт пройгрышу. Бо пацярпеў перш за ўсё мой аўтарытэт як палітычнага аналітыка. Пацярпеў публічна і ганебна, бо прайграў я сябру камісіі якога лічыў прызначаным і які ў выбарах не разбіраецца і нават імі не цікавіцца. І калі я яго зараз сустракаю на вуліцы то сарамліва апускаю вочы і бубню сабе пад нос:

– Падумаеш адгадаў! Патрабую рэваншу!!! Я і на гэтых выбарах зноў буду назіральнікам. А ён зноў будзе сябрам камісіі. Нічога не мяняецца. Поўная беларуская стабільнасць. Таму я яго зноў сустрэну на выбарчай дзяльніцы. І ў мяне з’явіцца шанец адыграцца.

Я на гэты раз рашуча настроены паспрачацца не толькі з гэтым, але і з іншымі сябрамі камісіі на гэты конт. І не толькі з камісіяй. А з усімі хто хоча. І буду стаяць на тым, што не пройдзе аніводзін апазіцыянер. А ў майго апанента, калі такі з’явіцца, ёсць над чым паламаць галаву. Цікава, якую ён выбера лічбу ад аднаго да сямі. Так-так, да сямі. Менавіта столькі вылучае ўся аб’яднаная апазіцыя ў гарадскі савет па горадзе Гародня. На усе трыццаць акругаў. Гэта атрымліваецца адзін апазіцыянер на 4,285 акругі. Лічба пададзена з лёгкім акругленнем на карысць апазіцыі.

Не падумайце толькі што я даю гэтыя максімальна дакладныя лічбы для таго каб кінуць цень на нашу апазіцыю. Ні ў якім разе! Я і сам апазіцыя! І неяк нават быў у ганаровым спісе 200!!! Ну тут я канешне загнуў пра “ганаровы”. Ну не такім ужо і ганаровым ёсць той спіс. Праўда, на той час я думаў што ён такі. Ох як мы змагаліся за тое, каб туды патрапіць! Конкурс быў большы чым на самую прэстыжную пасаду. Калі нехта забыўся, то я нагадаю, што гэты “Спіс 200” быў зацверджаны аб’яднанай апазіцыяй, а сама лічба азначала 200 самых лепшых і паважаных народам апазіцыянераў, і што толькі яны маюць права баластавацца ў парламент ад імя апазіцыі! Вось! Нагадаў! Ну а пра тое што ніхто з гэтых лепшых у парламент не патрапіў я нагадваць не буду. Вы і так пра гэта ведаеце.

Ну дык вернемся да нашых лічбаў. Лічбы я даю не для таго каб паказаць слабасць або мудрасць апазіцыі, нас, значыць, разам са мной уключна, а выключна для майго апанента які адважыцца паспрачацца са мной пра колькасць апазіцыянераў у новым гарадскім савеце Гародні. Так што стаўкі прымаюцца. Спяшайцеся. Шанцы выйграць у маіх апанентаў гэтым разам вельмі высокія. Бо выбары адбудуцца 18-га лютага 2018-га году. Адны васемнаццаткі. А для мяне гэта не самая шчаслівая лічба. Баюся я прайграю ўсім, незалежна ад таго, якую лічбу ад аднаго да сямі выбера мой апанент. Баюся што я прайграю нават калі ён выбера лічбу восем.

Толькі перад тым як прымаць стаўкі трэба злётаць і высветліць як афіцыйна зарэгістраваць гэты таталізатар. Вось дапішу і пабягу высвятляць. У нас з гэтым строга. І ўвогуле не ведаю ці гэта мажліва. Ну а калі немажліва, то тады гэта будзе мой выбарчы наказ будучым дэпутатам, каб яны легалізавалі беларускі выбарчы таталізатар. Перакананы, што гэта стане самай улюбёнай гульнёй усіх беларусаў, нават тых, хто яшчэ не дарос да выбарчага ўзросту.

Вось хай будучыя дэпутаты і папрацуюць над легалізацыяй гэтай ідэі. На іншыя ж пытанні ў іх усядно паўнамоцтваў не хапае. Ды і на гэтае хіба таксама…

Віктар Сазонаў


17.12.2017

праваабарончыя сайты