Навіны

“Вясна” і БХК: Беларусь — кепскі прыклад ажыццяўлення свабоды мірных сходаў

Эксперты Праваабарончага цэнтра “Вясна” і Беларускага Хельсінкскага камітэта падрыхтавалі агляд сітуацыі са свабодай мірных сходаў у Беларусі ў 2016-2017 гг. Аналітычны дакумент з’яўляецца часткай рэгіянальнага праекта Міжнароднага цэнтра некамерцыйнага права (ICNL)*. Раней у межах ініцыятывы прадстаўлены вынікі маніторынгу свабоды мірных сходаў у пяці балканскіх краінах. Цяпер на сайце ICNL даступны аналагічны агляд па Беларусі.

“У апошнія гады назіраецца павелічэнне колькасці і інтэнсіўнасці акцый пратэстаў у рэгіёне Заходніх Балканаў і Усходняга партнёрства. У той жа час, краіны зазналі значнае павелічэнне абмежаванняў на права на свабоду мірных сходаў”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе ICNL з нагоды публікацыі справаздачы па Беларусі і васьмі іншых краінах, у тым ліку Арменіі і Малдове.

Супраца з мясцовымі экспертамі ў дзевяці краінах дазволіла еўрапейскай кааліцыі адлюстраваць існуючае асяроддзе для ажыццяўлення права на свабоду мірных сходаў. Справаздачы прапануюць кароткі агляд актуальных пытанняў і апошніх падзей, звязаных са свабодай сходаў у апошнія гады.

У выніках маніторынгу па Беларусі падкрэсліваецца, што “практыка правядзення мірных сходаў у Беларусі не можа служыць добрым прыкладам”.

“Беларускае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах ўтрымлівае празмерныя і непрапарцыйныя абмежавання права на свабоду мірных сходаў, якія дэвальвуюць увесь сэнс дадзенага права. У Беларусі дзейнічае дазвольны прынцып правядзення сходаў, абцяжараны абавязкам арганізатараў да падачы заяўкі на правядзенне сходу заключыць грамадзянска-прававыя дамовы з дзяржаўнымі органамі на ахову парадку, прыборку тэрыторыі і медыцынскае абслугоўванне ўдзельнікаў. У некаторых выпадках названыя дзяржаўныя органы адмаўляюцца заключаць такія дамовы без рашэння мясцовага выканкама аб санкцыянаванні масавага мерапрыемства, а мясцовыя выканкамы ў шэрагу выпадкаў адмаўляюцца даць дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства без заключэння згаданых дамоваў”, — сцвярджаюць эксперты ПЦ “Вясна” і БХК.

Праваабаронцы дадаюць:

“Асноўнай негатыўнай тэндэнцыяй з'яўляецца тое, што арганізатараў і ўдзельнікаў мірных сходаў прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці толькі з-за адсутнасці спецыяльнага дазволу на правядзенне сходу. Пры гэтым, той факт, што ў 2016-2017 гадах самі сходы ў большасці выпадкаў не разганяліся, а ўдзельнікі не падвяргаліся затрыманням, сведчыць аб адсутнасці грамадскай небяспекі такіх дзеянняў”.

Аўтары Агляду прапануюць уладам Беларусі “распачаць сістэмную працу па рэфармаванні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах з удзелам шырокага кола зацікаўленых бакоў, у тым ліку прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і палітычных партый”.

Прыярытэтныя рэкамендацыі праваабаронцаў уключаюць:

  • увядзенне паведамляльнага прынцыпу правядзення мірных сходаў;
  • адмену абавязку арганізатараў заключаць дамовы аб уборцы тэрыторыі, медыцынскай дапамозе і ахове парадку, паколькі гэтыя дзеянні выцякаюць з пазітыўных абавязальніцтваў дзяржавы па рэалізацыі права на мірныя сходы;
  • зняцце неабгрунтаваных абмежаванняў на месцы правядзення масавых мерапрыемстваў.

*Міжнародны цэнтр некамерцыйнага права (ICNL) — гэта міжнародная арганізацыя, якая дапамагае стварэнню спрыяльнага прававога асяроддзя для грамадзянскай супольнасці, свабоды асацыяцыяў і ўдзелу грамадскасці па ўсім свеце. ICNL займаецца падрыхтоўкай прававой базы для ўмацавання грамадзянскай супольнасці ў больш, чым 90 краінах свету праз тэхнічную дапамогу і перадачу досведу яго шматнацыянальнага персаналу, глабальную сетку спецыялістаў у галіне права і партнёрства з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, дзяржаўнымі службоўцамі, навукоўцамі і лідарамі бізнесу.

Раней ICNL падрыхтаваў аналіз беларускага заканадаўства ў сферы некамерцыйных арганізацый. Экспертную падтрымку ў гэтым праекце яму аказваў Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend.

http://spring96.org/be/news/88650

19.12.2017

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты