Навіны

Фальшывыя ахвяры

На фоне карэйскага крызісу, допінгавых алімпійскіх скандалаў, абвастрэння ізраільска-палестынскай сітуацыі і чарговага вылучэння Уладзіміра Пуціна на пажыццёвае цараванне ў Расеі чырвонай ніткай у сусветных навінах апошнімі месяцамі цягнецца тэма сексуальных дамагальніцтваў. Тэма далікатная, тэма вострая, тэма для многіх цьмяная. І тэма, у значнай ступені, прабачце, высмактаная з пальца. Хваля гэтых скандалаў, ці псеўдаскандалаў ідзе са Злучаных Штатаў Амерыкі, характэрная для Еўропы і пакуль не асабліва актуальная для нашага ўсходнееўрапейскага, у значнай ступені патрыярхальнага і кансерватыўнага грамадства. Але рана ці позна хваля дакоціцца і да нас.

Пытанне сексуальных дамагальніцтваў у тым выглядзе, як яно раскручана зараз – гэта найперш тэхналогія так званага чорнага піяру. Пачаць можна было з праўдзівай, ці праўдападобнай гісторыі, як здарылася з гэтым кінапрадусарам з галівудскай “даліны распусты” Харві Вайнштэйнам. Пробны шарык патрапіў у цэль абсалютна, далей можна было брацца за маральнае знішчэнне журналістаў, бізнесоўцаў і ўрэшце палітыкаў. Цяпер дастаткова якой заўгодна жанчыне заявіць пра прыставанні да яе з боку некага, нават гадоў дваццаць таму, і ўзыходная ці ўжо паспяховая кар’ера гэтага мужчыны будзе скончана. Парушана нават свяцейшае з святых, выбіты кутні камень заходняй дэмакратыі – прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Ні суда, ні следства – могуць узяць і звольніць з працы толькі па нейкай публічнай заяве нейкай неадэкватнай асобіны.   

Праваабаронцам ужо пара задумацца над тым, што дыскрымінацыі падвяргаюцца ў наш час менавіта мужчыны. І найперш мужчыны гетэрасексуалы становяцца безабароннымі перад гэтай прымітыўнай, але дзейснай тэхналогіяй дыскрэдытацыі.

Тэхналогія такога чорнага піяру дайшла ўжо да вярхоў амерыканскай палітыкі.

Палітык-рэспубліканец Дэн Джонсан у выніку заявы 21-гадовай дзяўчыны пра рэальныя ці прыдуманыя дамаганні да яе нават застрэліўся. Зараз ужо будзе немагчыма высветліць – сапраўды чапляўся ён да яе ці не. Іншы рэспубліканскі палітык Рой Мур у традыцыйна рэспубліканскім штаце Алабама прайграў выбары ў Сенат. Прычына ўсё тая ж – галаслоўныя абвінавачанні ў сексуальным дамагальніцтве – на гэты раз ажно 9 жанчын зрабілі адпаведныя заявы. Выглядаюць гэтыя 9 жанчын на фальшывых “ахвяраў”. Афіцыйнага расследавання не было, доказаў ніякіх, але грамадская думка ў ЗША зараз такая, што гэтых заяваў становіцца дастаткова. У выніку рэспубліканец прайграў. Найбольш цешылася з гэтай перамогі дэмакратаў у штаце Алабама місіс Клінтан, нядаўняя кандыдатка ў прэзідэнты. Хілары Клінтан ажно падскоквала ў крэсле ад задавальнення. Як жа памыліліся, дакладней не паспелі скеміць яе піяршчыкі, у час выбарчай кампаніі. Заяўляць пра тое, што Дональд Трамп неўраўнаважаны сексіст – гэта ж было так мала! Патрэбна было місіс Клінтан, жонцы бездакорнага і маральна чыстага Біла, заявіць, што брутальны Трамп гадоў дзесяць таму яе нахабна дамагаўся і ў Белым доме сёння б сядзела менавіта яна. Эх, як запазніліся паліттэхнолагі дэмакратычнай партыі, за што толькі хлеб свой ядуць!

А калі сур’ёзна, то зараз будзе надзвычай цяжка разабрацца – дзе сапраўдныя мярзотнікі і гвалтаўнікі, а дзе звычайныя мужчыны, якія зрабілі пэўныя знакі ўвагі да жанчыны. Адбываецца сведамая дэвальвацыя традыцыяналізму і палітычная спекуляцыя на тэме асабістага жыцця чалавека.

Прыгадваецца тут мне і адна сітуацыя на нашых прасторах, калі адзін з выкладчыкаў семінару па палітычных тэхналогіях наўпрост заяўляў, што на выбарах у час кампаніі трэба казаць, што твой канкурэнт спіць са сваёй дачкой. І, маўляў, ня важна, праўда гэта ці не. Так што не думайце, што тэма гэтая такая далёкая ад нашых рэалій. Тым больш, што сама лепшае, што ёсць на Захадзе, да нас неяк не даходзіць, а вось сама горшае прышчапляецца куды хутчэй.

Уладзімір Хільмановіч  

22.12.2017

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты