Навіны

75 гадоў з дня гібелі Вінцэнта Гадлеўскага

 24 снежня 1942 года ў Трасьцянцы пад Менскам нацыстамі расстраляны ці закатаваны Вінцэнт Гадлеўскі, беларускі рымска-каталіцкі святар, ідэолаг беларускага нацыянальнага руху.

Гадлеўскі нарадзіўся 16 лістапада 1898 года ў вёсцы Шурычы (Свіслацкі р-н). У 1912 годзе скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, потым у 1916-ым Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію. У сакавіку 1917-га абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт, удзельнік Усебеларускага з’езду 1917-га. У траўні таго ж году ўдзельнічаў у З’ездзе беларускага каталіцкага духавенства ў Менску, дзе выступіў з прамовамі “Палітычна-народная акцыя каталіцкага духавенства на Беларусі” і “Стварэньне каталіцкай партыі”. Пасля абвяшчэння БНР уваходзіў у склад яе Рады. У 1921 годзе выдаў беларускамоўныя казанні XIX стагоддзя.

Вінцэнт Гадлеўскі – адзін з заснавальнікаў і лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рэдагаваў газету “Крыніца”. Выкладаў у Нясьвіжскай беларускай семінарыі. З 1924-га быў пробашчам касцёлу ў мястэчку Жодзішкі на Смаргоншчыне. Двойчы – у 1925-ым і 1927-ым гадах арыштоўваўся польскімі ўладамі, у 1927-ым засуджаны да двух гадоў турмы.

З 1929-га жыў у Вільні, у 1930-ым часткова пераклаў на беларускую мову Новы Запавет (4 Евангеллі і Апостальскія дзеі выдадзены лацінкай адной кніжкай у Вільні ў 1939-ым). Стварыў падручнік “Гісторыя сьвятая, або Біблейная Новага Закону” (1932 год). Выступіў з ініцыятывай стварэння Беларускага нацыянальнага фронту, выдаваў газету пад назвай “Беларускі фронт”. У аснове ідэалогіі Гадлеўскага – беларускі кансерватызм, угрунтаваны на гістарычнай памяці, мове, культуры, традыцыях. У ролі нацыянальнай эліты, здольнай кансалідаваць і павесці за сабой нацыю, Гадлеўскі бачыў інтэлігенцыю. Кансерватыўны падыход гарманічна злучаўся ў яго з хрысціянскім персаналізмам – увагай да асобы.

З пачаткам другой сусветнай вайны пераехаў у Коўна, з чэрвеня 1940-га быў у Варшаве. Заснаваў у канцы 1939-га Беларускую незалежніцкую партыю. У чэрвені 1941-га увайшоў у створаны ў Берліне Беларускі нацыянальны цэнтр. З верасня 1941-га дзеіў у Менску. У час нямецкай акупацыі прызначаны галоўным школьным інспектарам пры генеральным камісарыяце Беларусі (кастрычнік 1941), кіраваў працай па падрыхтоўцы праграм навучання для беларускіх пачатковых школаў, адначасна быў сябрам Цэнтралі Беларускай народнай самапомачы. Служыў у Чырвоным касцёле ў Менску. Ад пачатку быў вялікім прыхільнікам немцаў, лічыў, што пасля сканчэння вайны немцы аддадуць беларусам усё кіраўніцтва ў Беларусі, спрабаваў выкарыстаць супрацу з немцамі для мабілізацыі беларускіх патрыятычных сілаў. Гадлеўскі разам з Янам Станкевічам спрабаваў наладзіць у Беларусі культурна-асветную працу, але іх планы былі перапыненыя нямецкім кіраўніцтвам, генеральны камісарыят нават забараніў ксяндзу зносіцца непасрэдна са школьнымі аддзеламі акругі. Быў адным з падпісантаў вядомае адозвы да беларускага народу, якая заклікала беларусаў змагацца супраць бальшавіцкай Расеі. Неўзабаве Гадлеўскі пачаў крытыкаваць нямецкую палітыку ў дачыненні да беларускага народу. Арыштаваны нямецкай паліцыяй у Менску ў ноч на 24 снежня. Гадлеўскаму была прапанавана праца ў Рызе, але ён адмовіўся. Пасля гэтага забіты.

Месца пахавання пасля расстрэлу доўга было невядомае. Было знойдзенае праз дакументы з нямецкіх архіваў, якія атрымаў дэпутат апазіцыі БНФ Вярхоўнага Савета ХХІІ склікання Яўген Цумараў. Ён разам з Вячаславам Сіўчыкам і Алесем Мазурам і вызначыў дакладнае месца пахавання. На месцы пахавання пасля расстрэлу ва ўрочышчы Благоўшчына пастаўлены памятны крыж. У Шурычах захавалася хата, дзе жыў Гадлеўскі.

23.12.2017

Архіў

Лістапад 2019
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930

Відэа

праваабарончыя сайты