Навіны

Гісторыя фігуры Хрыста ў Гародні

Жыхарам Гародні, як і шматлікім яе гасцям, вядомая фігура-помнік Хрыста, нясучага на плячах крыж, перад галоўным уваходам у Катэдральную Базыліку Святога Францішка Ксаверыя (катэдра) у цэнтры горада. Збавіцель там прадстаўлены ў стаячай пастве, нахіленым уперад пад цяжарам вялікага крыжа, які ён на плячах цягне на Галрофу і на якім пазней сам будзе ўкрыжаваны. Правая рука пакутніка выцягнута. Апрануты Ісус у доўгую туніку з церневым вянком на галаве. Фігура ўстаноўлена на цокалі перад прыступкамі галоўнага ўваходу. Пад ёй выбіты надпіс на лацінскай мове “SURSUM CORDA”, у перакладзе “УЗНЯСЁМ СЭРЦЫ”. Кампазіцыя выканана з пяшчаніка.

Паводле архіўных звестак, помнік устаноўлены ў 1900 г. намаганнямі тагачаснага Гарадзенскага Дэкана Алойзы Элерта.

8 чэрвеня 1899 г. гарадзенскаму губернатару быў накіраваны ліст наступнага зместу: “…прошу выдать разрешение на установку статуи Спасителя собственными средствами против входных дверей на лестнице высотой три аршина”. На што атрымаў станоўчы адказ.

Аднак усё перакрэсліў віленскі генерал-губернатар Троцкі: “Вами представлено мне ходатайство Гродненскаго Декана и настоятеля местнаго Фарнаго костёла ксендза Элерта о разрешении ему поставить статую Спасителя, несущую крест, на перилах лестницы, против входных дверей костёла. Постановка этой статуи, без которой Фарный костёл до сих пор мог обходиться, видимо не вызывается религиозной необходимостью для населения, и так как население окрестностей г. Гродны не сплошное католическое, то постановка статуи будет соблазном для православнаго населения, а потому постановку оной я нахожу излишнею и не могу дать на это согласия”.

Настойливы ксёндз 26 лістапада склаў яшчэ адзін ліст гарадзенскаму губернатару: “…Осмеливаюсь вторично утруждать Ваше Превосходительство о возобновлении вышесказаннаго мной ходатайства, причём прошу уважить те обстоятельства, что открытый в настоящее время фронт ремонтирующагося костёла весною будущаго года будет закрыт каменною стеною, которая достаточно закроет статую от глаз проходящих. К тому же на фронте Фарнаго костёла издавна существуют статуи Святых, к которым все привыкли и некатолическое население города смотрит на них вполне равнодушно…”.

Пасля ўзгаднення пытання з Вільняй, гарадзенскі губернатар вымушаны быў даць дазвол на ўстаноўку статуі пры ўмове, што яна будзе схаваная ад людзкіх вачэй за высокай мураванай сцяной.

Цікава, што пачаткова фігура Хрыста была павернутая ў іншы бок – плячыма да плошчы. Верагодна, па загадзе царскіх уладаў. Гэта добра відаць на старых фотаздымках.

У 1925 г. пры польскай уладзе яе развярнулі тварам да Катэдральнага пляцу. Тады рамонт касцёлу праводзіла львоўская фірма “Бюро тэхнічна-будаўнічае Вільгельм Альбрэхт”. Прадстаўляў яе інжынер Альбрэхт, які часова пражываў па вул. Кірхавая 7. Паводле падпісанай умовы, будаўнікі абавязаныя былі правесці вонкавую і ўнутраную рэнавацыю касцела (акрамя алтароў і фрэсак на сценах), рамонт ганку з фігурай Хрыста, а таксама аднавіць і памаляваць іншыя фігуры святых на фасадзе і унутры будынка.

Фігура Хрыста, як і касцёл, пацярпелі ў савецкія часы. Можна меркаваць, што тады была страчаная і правая (выцягнутая) рука фігуры. На шчасце знайшліся майстры, якія выразалі гэтую дэталь з дрэва і ўмела далучылі да кампазіцыі. За сваю гісторыю фігура рамантавалася не адзін раз, пра што сведчыць значная колькасць схаваных пад слоем фарбы “штучных уставак”. У такім стане помнік захаваўся да нашых дзён.

Варта адзначыць, што падобная фігура Хрыста стаіць пры ўваходзе ў Базыліку Святога Крыжа ў Варшаве.

Сяргей Лушчык, Гародня, для Беларускага Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/kultura/gistoryya-figury-khrysta-u-garodni/

 

26.12.2017

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты