Навіны

Бязвіз на Гарадзеншчыне: што змянілася?

Бязвізавы рэжым, якім карыстаюцца гарамадзяне 77 краінаў свету, для некаторых рэгіёнаў Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны прынёс добры плён за мінаючы 2017 год. Колькасць турыстаў у Гародні павялічылася ў дзясяткі разоў у параўнанні з папярэднімі гадамі. Наведванне Гарадзеншчыны значнай часткай бязвізавых турыстаў пакуль носіць настальгічны характар. Кажа Сяргей Каляда, кіраўнік турыстычнай фірмы „Немнаў-Тур”.

– Удалы год. Больш за 80 тысяч турыстаў наведала Аўгустоўскі канал і Гародню.  Гэта ўвогуле супер. Іншая справа, як будзе далей. Мяне асабіста здзівіла тое, што больш за ўсё турыстаў прыехала з Літвы і Латвіі.

У рамках інвестыцыйных турыстычных праектаў сёлета рэалізаваны чатыры пешыя і роварныя маршруты ў Наваградку і ваколіцах. Маркіроўкай якіх займаўся ў тым ліку і Сяргей Каляда:

– Зрабілі 2-кіламетровы маршрут у Наваградку “Кароль Міндоўг”. Другі маршрут назвалі “Сэрца Гражыны” – па матывах твора Адама Міцкевіча “Гражына” праз возера Літоўку. Падобны да сэрца атрымаўся маршрут. Даўжынёй 10 км, вельмі цікавы. “Зорачка Чарэшлі” – вакол возера Чарэшля ў Налібоцкай пушчы. “Зорачка” – таму што сам маршрут падобны да зорачкі. Яшчэ адзін маршрут зрабілі – “Летапісная Літва” праз  Любчу, Налібоцкую пушчу, Шчорсы, Лаўрышаўскі манастыр.

Новыя магчымасці для развіцця аздараўленчага турызму можа прынесці павелічэнне тэрміну бязвізавага знаходжання ў Беларусі да 10 дзён. Але гэты тэрмін для 14-15-дзённага курса аздараўлення замежнікам у санаторыях недастатковы. Ідэальным вырашэннем стала б рашэнне ўладаў пра ўвядзенне бязвізавага рэжыму на 15 дзён на ўсёй тэрыторыі краіны, мяркуюць турыстычныя аператары, якія абслугоўваюць замежных грамадзянаў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота galar-expo.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/byazviz-na-garadzenshchyne-shto-zmyanilas/

27.12.2017

праваабарончыя сайты