Навіны

80 гадоў з дня гібелі Аляксандра Цьвікевіча

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч Аляксандар Цьвікевіч нарадзіўся 22 чэрвеня 1888 (паводле іншых звестках 1883-га) года ў Брэсце. Паходзіў ён з сям’і фельчара чыгуначнага шпіталя Івана Цьвікевіча. У 1912-ым годзе скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт і да 1914-га працаваў у Пружанах і Брэсце. З надыходам першай сусветнай вайны ў бежанстве. Працаваў у Тульскім камітэце дапамогі ахвярам вайны. У 1917-ым у Маскве стаў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай народнай грамады. Удзельнічаў у працы Першага Усебеларускага з’езду, быў абраны сакратаром прэзідыума, уваходзіў у склад Рады. У студзені 1918-га Выканкам І Усебеларускага з’езда накіраваў Цьвікевіча разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім на мірныя перамовы ў Брэст. Не атрымаўшы дазволу ўдзельнічаць у перамовах асобнай дэлегацыяй, яны былі змушаны ўвайсці ў дэлегацыю Украінскай Народнай Рэспублікі як дарадцы.

У канцы сакавіка 1918-га быў накіраваны ў Кіеў у складзе надзвычайнай дыпламатычнай місіі. Цьвікевіч вырашаў пытанні беларуска-ўкраінскай мяжы, дамагаўся прызнання адроджанай беларускай дзяржаўнасці і перагляду Брэсцкага міру, вёў перамовы з місіямі іншых дзяржаў. Пад яго кіраўніцтвам у Кіеве быў наладжаны выпуск газеты “Белорусское эхо”, арганізавана Беларуская гандлёвая палата. У ліпені таго ж году Цьвікевіч увайшоў у склад кіраўнічых органаў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў.

Вясной 1919 урад БНР накіраваў Цьвікевіча ў Берлін, дзе ён павінен быў вырашаць фінансавае пытанне. Пасля адмовы германскіх уладаў выдаць грошы ездзіў у Вену, каб атрымаць частку з іх у аўстрыйскім банку. З 1921 па 1923 год Цвікевіч займаў пасаду міністра замежных спраў ва ўрадзе БНР Вацлава Ластоўскага. Быў старшынём Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе, якая адбывалася ў верасні 1921 г. У 1922-ым Цьвікевіч разам з  Ластоўскім зрабілі спробу ўключэння беларускага пытання ў парадак дня Генуэзскай канферэнцыі.

У 1923-ым у звязку з нязгодай часткі беларускіх дзеячаў з палітыкай урада БНР Ластоўскага быў сфармаваны новы ўрад БНР ужо на чале з Цьвікевічам. На Другой Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне ў 1925 пад уражаннем поспехаў палітыкі беларусізацыі ў БССР Аляксандр Цвікевіч прыняў рашэнне пра спыненне дзейнасці Рады міністраў БНР і прызнанні Менску адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі. У лістападзе Цвікевіч з сям’ёй пераехаў у Мінск, працаваў у Наркамаце фінансаў, вучоным сакратаром у Інбелкульце, у Інстытуце гісторыі Беларускай АН.

4 ліпеня 1930 г. быў арыштаваны, абвінавачаны па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Асуджаны на 5 гадоў ссылкі, адбываў яе ў Пярмі, Ішыме, потым у Сарапуле (Удмуртыя). Паўторна арыштаваны 17 снежня 1937-га, а 30 снежня расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны толькі ў 1988-89 гадах.

Аляксандр Цьвікевіч – аўтар 6 манаграфій і брашур, а таксама шматлікіх артыкулаў, эсэ. Найбольш грунтоўная  яго праца “Западно-руссизм”: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў XIX і пачатку XX стст. У ёй аўтар зрабіў аналіз ідэалогіі і практыкі русіфікацыі Беларусі ў перыяд Расейскай імперыі. Фактычна пасля выхаду гэтая кніга была забаронена, а амаль увесь наклад знішчаны. Ацалела толькі некалькі кніг у прыватных зборах, што дало магчымасьць перавыдаць яе ў 1993 годзе. У сённяшняй Беларусі імя Аляксандра Цьвікевіча не ўшанавана ніяк.

 

30.12.2017

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты