Навіны

Беларускае Эльдарада

Вось і наступіў 2018 год. І беларусы прачнуліся ў новай Краіне. Дыктары на ўсіх тэлеканалах і радыё, а таксама сайты з самай раніцы паведамілі, што ў Беларусі на 50 працэнтаў зменшыліся кошты на прадукты харчавання. Толькі засталіся ранейшыя кошты на цыгарэты і спіртныя напоі.

Нарэшце беларусы дачакаліся зніжкаў на камунальныя паслугі, бо, аказалася, што ўжо гадоў дваццаць яны аплачваюць камунальныя паслугі ажно 150-200 працэнтаў. Хопіць падманваць народ – заклікаюць дыктары з тэлеэкранаў.

З 1 студзеня ў Беларусі будзе самае таннае паліва ў Еўропе і самае танннае электрычнае святло. Для ўсіх пенсіянераў і студэнтаў у Беларусі будзе бясплатны праезд па Беларусі на ўсіх відах транспарту.

З 1 студзеня на тэрыторыю Беларусі можна будзе прывозіць аўтамабілі з любой краіны Еўропы, заплаціўшы толькі падатак 500 даляраў за аўтамабіль, які будзе не старэй 2008 года. А прадуктаў і электратавараў з-за мяжы можна весці неабмежаваную колькасць, гэтак сама, як і вывозіць з Беларусі, купленыя ў нашых крамах.

З 1 студзеня любы грамадзянін Беларусі можа вольна займацца бізнесам, зарэгістраваўшы яго за 30 хвілін у мясцовых райвыканкамах. А для тых, хто жадае займацца фермерствам, першыя тры гады будуць пазбаўлены плаціць падатак, а праз тры гады – толькі 20 % ад рэалізацыі сваёй прадукцыі.

Тэхагляд для аўтамабіляў будзе каштаваць толькі 24 рублі і 50 капеек. Ніякіх грашовых пабораў за дарогі ўладальнікі прыватных аўтамабіляў плаціць не будуць.

Заробак работнікам бюджэтнай сферы падвышаецца ў тры разы. Будзе ліквідавана КДБ. Замест яго створыцца САД – служба аховы дзяржавы. Найбольш фінансавых сродкаў будзе ўкладзена ў армію, адукацыю і медыцыну. Замест ідэалагічных аддзелаў у райвыканкамах будуць адкрыты гісторыка-краязнаўчыя аддзелы. Вяртаюцца беларускія нацыянальныя сімвалы – герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг. Вышэйшая адукацыя для беларусаў – бясплатная, толькі за кошт тэсціравання і уступных экзаменаў. А для замежных студэнтаў – платная. Пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы абітурыенты павінны здаваць абавязкова беларускую мову і гісторыю Беларусі, а таксама прадметы па спецыяльнасці. На тэрыторыі Беларусі за 2018 год павінна быць праведзена дэкамунізацыя, а таксама адкрыты ўсе архівы КДБ для гісторыкаў і краязнаўцаў.

Прэзідэнт Беларусі ў 2018 годзе патрабуе ад Расеі, Германіі, Польшчы, Швецыі, Францыі і іншых краін кампенсацыі за ўсе войны, якія тапталі Беларусь і беларускі народ, якія знішчылі мільёны беларусаў. Прэзідэнт Беларусі патрабуе кампенсацыі ад Расіі за бежанства напярэдадні Першай сусветнай вайны, калі ў Расію з Беларусі рускія казакі павыганялі больш за мільён беларусаў, за спаленыя хаты, хлявы, гумны. Усе сродкі ад кампенсацый пойдуць на медыцыну…

Такія планы ў кіраўніцтва нашай краіны на 2018 год.

Сяргей Чыгрын

02.01.2018

праваабарончыя сайты