Навіны

У Лідзе адкрылі мурал з князем Гедымінам

У Лідзе на бульвары Гедыміна з’явіўся мурал з выявай ягонага гаспадара. 

Другі па велічыні горад у Гарадзенскай вобласці наўрад ці быў бы такім, калі б у пачатку XIV стагоддзя князь Гедымін не пабудаваў тут славуты замак. Часы былі неспакойныя: межы Вялікага Княства Літоўскага рэгулярна бралі ў аблогу крыжацкія рыцары. Каб засланіць дарогу да першай сталіцы княства Наваградка, у Лідзе — тады яшчэ непрыкметным паселішчы — пачалі ўзводзіць замак у архітэктурным трэндзе таго часу: абарончыя вежы, злучаныя сцяной у форме чатырохкутніка. Гісторыкі мяркуюць, што гэта падзея і дала імпульс развіццю горада.

У 2010 годзе бульвар Чапаева, які цягнецца ад аўтавакзала да замка, перайменавалі ў гонар князя — заснавальніка Ліды. У 2016-м на бульвары Гедыміна, 12 адкрылася мастацкая галерэя. У яе гаспадара Паўла Мацылевіча адразу ўзнікла ідэя пра графіці ў дворыку, балазе ў горадзе жыве мастак Сяргей Русак, які раней ужо ўпрыгожваў сцены ў Лідзе і ў Менску. Аднак спатрэбілася яшчэ трохі часу, каб зоркі сышліся і задуманае ператварылася ў рэалізаванае.

У пачатку мінулага года кампанія “Будзьма беларусамі!” упершыню прыехала ў Ліду з кірмашом праектаў. Адну з прэзентацый рабіў Сяргей Русак, які прапаноўваў свае рукі і талент, каб напоўніць гарадскую прастору мураламі.

— Я старанна шукаў партрэты Гедыміна. Былі патрэбныя малюнкі, дзе рысы твару перададзеныя больш якасна за карцінкі ў Вікіпедыі. Эскіз я зрабіў па сучасных літоўскіх манетах, — расказвае Сяргей.

Павал гаворыць, што ўладальнік памяшкання ўспрыняў ідэю мурала вельмі прыязна. Неўзабаве гаспадар галерэі плануе задзейнічаць увесь дворык. У праекта ўжо і назва ёсць: арт-дворык “ZADVORAK”.

 — Хтосьці ўбачыў у мурале адбітак пальца, хтосьці — зрэз дрэва, хтосьці — усёбачнае вока. Атрымалася вельмі прышпільна. Я ўпэўнены, што гэта пачатак гісторыі, – адзначыў Павал.

budzma.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/kultura/u-lidze-adkryli-mural-z-knyazem-gedymin/

04.01.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты