Навіны

Надзеі і падзеі

Новы год – новыя надзеі і прагнозы. Новы год – новыя падзеі і слёзы. Слёзы ад таго, што тыя надзеі і чаканні не збудуцца. Часам, аднак, здараюцца і слёзы радасці. Калі, прыкладам, нешта прыемнае адбудзецца ў вашай сям’і, ці пераможа ваша любімая каманда, ці ваша краіна вызначыцца нечым пазітыўным на міжнароднай арэне. Урэшце, тады, калі ўдасца выбрацца ў цікавую вандроўку, пабываць на прыродзе, сустрэцца з старымі сябрамі і выпіць разам пляшку добрага віскі з добрай закускай і настальгічнымі ўспамінамі. З гадамі гэтых сяброў становіцца ўсё менш – адны адыходзяць у іншы, будзем спадзявацца, лепшы свет, іншыя расцярушваюцца і губляюцца праз час і аддаленасць у прасторы, трэція з розных прычын проста перастаюць быць сябрамі. З гадамі становіцца і менш наіўнасці і веры ў чалавецтва. А страта веры ў чалавецтва – гэта, канешне, моцны ўдар па псіхіцы чалавека. Гэта яшчэ незабыўны літаратурны персанаж казаў. З гадамі, аднак, належыць пасталець і зразумець, што чалавецтва з ростам тэхнічнага прагрэсу лепшым не становіцца. Што міру на планеце, татальнага дабрабыту і глабальнага шчасця ніколі не дасягнуць. Што ніхто не дапаможа нам, акрамя нас самых. А звычайнае чалавечае шчасце складаецца з маленькіх радасцяў, праяваў дабрыні, салідарнасці, падтрымкі.

Адышоўшы 2017 год не быў катастрафічным у палітычным плане. Гарачая трэцяя сусветная вайна, дзякуй Богу, не пачалася. Хоць яе пагроза рэальна вісела, ды і вісіць у паветры. Адзін пачварны паўночнакарэйскі рэжым чаго варты! Амерыка сур’ёзна ўзялася за расейскую палітычную мафію, працэс гэты працягнецца ў новым годзе і прывядзе да супярэчлівых наступстваў. З аднаго боку Масква павінна будзе абмежаваць і зменшыць адкрытую знешнюю агрэсію, з іншага – расейскае грамадства будзе адчуваць сябе ўсё больш пакрыўджаным, не разумеючы сапраўдную прыроду рэчаў і фашызавацца далей пад кіраўніцтвам старога-новага правадыра, які аформіць пажыццёвае кіраванне. На нашай краіне расейскія падзеі, канешне, таксама будуць адбівацца выразна.  

У Беларусі быў гарачым канец зімы – пачатак вясны адышоўшага году. Акцыі “недармаедаў” па-сапраўднаму ўзрушылі грамадства. Рэакцыя ўладаў была прадказальнай – здушальна сілавой і рэпрэсіўнай. Аднак размах грамадскага абурэння быў досыць моцным, таму ўлада ўрэшце пайшла на прыпыненне дзікунскага дэкрэту. У эканамічным плане насельнікі Беларусі працягвалі бяднець, пакупная здольнасць насельніцтва няўхільна падала, людзі па-сутнасці праядалі старыя валютныя запасы. Адпаведна год быў надзвычай цяжкім для беларускіх прадпрымальнікаў, многія з іх увогуле спынілі сваю камерцыйную дзейнасць у такіх умовах. Дзяржава, якая папросту няздольная на нейкія структурныя рэформы, па-ранейшаму падмяняла іх пустымі міфалагемамі і старым бальшавіцкім лозунгам “Усё для чалавека!”. І гэтага чалавека мы нават ведаем. У канцы 2017 года прыдумалі новую гульню – прывід крыптавалюты ўжо блукае па прасторах сінявокай рэспублікі. Неўзабаве будзе шмат ашуканых і расчараваных. Адзіны пазітыўны вынік году ў гаспадарчым сэнсе ў Беларусі – гэта ўводзіны ў Гарадзенскім рэгіёне бязвізавага рэжыму для замежнікаў на пэўную колькасць дзён. У новым годзе гэты тэрмін павялічыцца да 10 дзён і распаўсюдзіцца таксама на Берасцейшчыну.   

2018 год – гэта год зімовай алімпіяды ў Карэі і футбольнага чэмпіянату свету ў Расеі. Задоўга да свайго пачатку яны абраслі такімі скандаламі, што гаварыць пра нейкія вышэйшыя спартовыя ідэалы нават смешна. І яшчэ пытанне, ці адбудуцца гэтыя форумы ўвогуле? У кожным разе тут дакладна можна прагназаваць далейшыя канфузы і недарэчнасці. Можна нават правесці паралелі з ваколспартовымі падзеямі 1980-1984 гадоў, якія ўрэшце паспрыялі і палітычным пераменам на планеце Зямля.

Нашым чытачам у Новым годзе хочацца пажадаць здароўя, аптымізму, цёплых сямейных святаў, прыемных сустрэч з сябрамі, новых адкрыццяў, цікавых падарожжаў і тых маленькіх радасцяў, якія і складаюць смак жыцця.

З Калядамі і Новым 2018 годам!!! 

Уладзімір Хільмановіч  

04.01.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты