Навіны

Каляднае пасланне архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія

З нагоды Свята Раства Хрыстовага Радыё Рацыя атрымала пастырскае пасланне Высокапраасвяшчэннага Арцемія, архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага. Праваслаўны ўладыка кажа, што гэта не свята адзіноты. Бог напаўняе кожнае імгненне Сваёй прысутнасцю.

Кажа уладыка Арцемій:

Дарагія браты і сёстры! Нараджэнне Хрыстова – гэта свята радасці, святло якога асаблівым чынам адлюстроўваецца ў нашых сэрцах. Сказана ў слове Божым: Чыстыя сэрцам Бога ўбачаць. У гэтых словах пра чыстыя сэрцы сцвярджаецца факт і адначасова ўтрымліваецца зварот, заклік да кожнага з нас захоўваць чысціню душы. Без гэтай чысціні, без унутранай праўды не толькі цяжка ўбачыць Бога ў мітусні паўсядзённага жыцця, але нельга і набыць так неабходную кожнаму кропку апоры ў жыцці. Нараджэнне Хрыстова дапамагае адчуць і асэнсаваць набліжанасць да нас Бога, які стаў чалавекам. І праз гэтае асэнсаванне рэальна адчуць, што няма больш адзіноты, апустошанасці жыцця, бо сам Бог запаўняе кожнае імгненне сваёй прысутнасцю.

Час, калі Збавіцель прыйшоў на зямлю не быў ні спакойным,  ні простым, але ён прынёс людзям такі мір, якога нельга было дасягнуць чалавечымі намаганнямі. Гэта мір з Богам, мір з сумленнем, мір з іншымі людзьмі.

Свята Нараджэння Хрыстова традыцыйна збірае сем’і разам. Гэта выдатная традыцыя, якая служыць усім нам напамінам пра тое, што ёсць галоўнае ў чалавечым жыцці. У сям’і сярод родных і блізкіх чалавек знаходзіць мір і спакой, сілы і натхненне жыць. Сям’я, у якой пануюць мір і любоў – гэта своеасаблівая кропка ўваходу ў царства Божае, гэта дамашняя царква, як яе называе святое пісанне.

Сёння час не просты, але нам ёсць у каго шукаць дапамогі і заступніцтва.

Няхай навароджаны богадзіцятка Ісус прынясе на зямлю свой мір і бласлаўленне і няхай бясмежная міласць яго напоўніць нашыя сем’і, дамы, гарады і вёскі.

Са Святам, дарагія мае! З Нараджэннем Хрыстовым!

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/kalyadnae-paslanne-arkhiepiskapa-gara/

06.01.2018

праваабарончыя сайты