Навіны

Навошта прадстаўнікі апазіцыі звяртаюцца ў суды, якім не давяраюць?

У раённых судах Мінска адбыліся пасяджэнні па абскарджванні неўключэння прадстаўнікоў апазіцыйных партый ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Ніводная скарга не задаволеная. З улікам наяўнай практыкі, незалежныя назіральнікі за выбарамі лічаць гэтыя судовыя абскарджванні бессэнсоўнымі. Аднак у прадстаўнікоў апазіцыі ёсць свае матывы для зваротаў у суды пры загадзя зразумелых выніках.

Вынікі фарміравання ўчастковых выбарчых камісій (УВК) сведчаць пра захаванне дыскрымінацыйных падыходаў да прадстаўнікоў апазіцыйных партый і рухаў. Канстатуючы гэты факт у сваёй этапнай справаздачы, аналітыкі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” спасылаюцца на наступныя лічбы. Чатыры апазіцыйныя партыі – Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) (БСДП (Г)), Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» і Партыя БНФ (ПБНФ) – вылучылі 237 чалавек (0,37% ад агульнай колькасці вылучаных, ці 6% ад агульнай колькасці вылучаных усімі палітычнымі партыямі) у склад УВК па ўсёй краіне. З іх у склад УВК было ўключана толькі 26 прэтэндэнтаў (11% ад вылучаных).

У параўнанні з папярэднімі мясцовымі выбарамі 2014 года, сёлета фармаванне УВК праходзіла ў атмасферы большай галоснасці і адкрытасці, аднак у цэлым працэдуры і вынікі істотна не адрозніваліся ад папярэдніх выбарчых кампаній, падвынікоўваюць аўтары справаздачы.

Такім чынам, пераважная большасць апазіцыйных палітычных суб’ектаў засталіся па-за бортам УВК, але нешматлікія з іх пайшлі ў суды.

Прычыны такой неактыўнасці зразумелыя праваабаронцам, пра што кажа Валянцін Стэфановіч.

Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org
Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org

 

“Што да судовага абскарджання неўключэння ў склад камісій, то такое права прадугледжана выбарчым заканадаўствам. І раней, калі гэтая норма была ўнесеная ў Выбарчы кодэкс, але не было ніякіх крытэраў, паводле якіх тыя ці іншыя прэтэндэнты ўключаліся ці не ўключаліся ў камісіі, мы лічылі гэтую норму вельмі фармальнай, паколькі не было прадмета спрэчкі. Калі няма крытэраў – што абмяркоўваць у судзе? То бок, суд можа фармальна праверыць, ці не было дапушчана парушэнняў пры фармаванні камісіяў – ці былі захаваны неабходныя кворум сябраў выканкамаў на пасяджэннях, квоты ў складзе камісій.  

Пасля таго як мы пачалі крытыкаваць адсутнасць крытэраў, Цэнтральная камісія падчас парламенцкіх выбараў 2016-га года ў сваёй пастанове напісала, што трэба абмяркоўваць дзелавыя, асабістыя і палітычныя якасці прэтэндэнтаў у склад выбарчых камісій, а зараз павінны абмяркоўваць толькі дзелавыя і асабістыя. Праўда, трэба адзначыць, што ўвядзенне Цэнтральнай камісіяй гэтага патрабавання не паспрыяла большаму палітычнаму плюралізму ва ўчастковых камісіях.

Паводле нашых назіральнікаў, якія прысутнічалі на пасяджэннях па ўтварэнні ўчастковых камісій, у пераважнай большасці выпадкаў якасці прэтэндэнтаў не абмяркоўваліся. Калі ж абмеркаванне праводзілася, то прычынай неўключэння ў камісіі, як правіла, называлася адсутнасць у іх вопыту працы ў выбарчых камісіях. Ці з’яўляецца гэта крытэрам, які можна абскардзіць у судзе?” 

Тым не менш, наколькі вядома назіральнікам, у судах Мінска 5 – 9 студзеня разглядаліся пяць скаргаў партыйцаў на рашэнні раённых адміністрацый аб фармаванні УВК. Тры скаргі былі пададзеныя прадстаўнікамі ПБНФ – у суды Партызанскага, Першамайскага і Маскоўскага раёнаў, адна – у суд Цэнтральнага раёна прадстаўнікамі АГП, адна – у суд Першамайскага раёна прадстаўнікамі БСДП (Г). Самі заяўнікі пры гэтым кажуць, што ад пачатку не мелі спадзяванняў на станоўчыя для сябе вынікі гэтых судоў, і тлумачаць свае матывы абскарджання.

«Наўрад ці суд мог адмяніць рашэнне адміністрацыі раёна. Але ў суд мы ішлі для таго, каб паказаць, што не будзем гэта «праглынаць». Мы не хочам, каб маніпуляцыі з утварэннем камісій проста так сыходзілі з рук адміністрацыі», — адзначыў у інтэрв’ю “Нашай Ніве” Аляксей Сігаеў, намеснік старшыні БСДП (Г), якая вылучала ў склад УВК Першамайскага раёна восем чалавек, з якіх раённая адміністрацыя не ўключыла ніводнага.

Мікалай Казлоў. Фота: svaboda.org
Мікалай Казлоў. Фота: svaboda.org

 

Старшыня гарадской арганізацыі АГП Мікалай Казлоў, які балатуецца ў Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў, прапанаваў сваіх прадстаўнікоў ва ўсе 13 выбарчых камісій на сваёй Старавіленскай выбарчай акрузе, і таксама ніводны з іх у камісіі не прайшоў. Як ён адзначыў у інтэрв’ю Свабодзе, у выбарчыя камісіі падбіраюць людзей пераважна з аднаго працоўнага калектыву, якіх запісваюць як сябраў розных праўладных партый і арганізацый. Прадстаўнік АГП паведаміў, што прасіў у адміністрацыі Цэнтральнага раёна паказаць яму дакументы, дзе бачна, людзі з якіх працоўных калектываў прайшлі ў выбарчыя камісіі, але яму адмовілі. Запатрабаваць такія дакументы Мікалай Казлоў прасіў і суд - суд таксама адмовіў.

Прадстаўнік ПБНФ Юры Чавусаў, які ўдзельнічаў у трох судовых працэсах у Мінску, назваў іх вынікі “звычайнымі”:

“Бо беларускія суды ніколі не пераглядаюць законнасці і абгрунтаванасці рашэнняў адміністрацый, выканкамаў па фармаванні камісіяў. Нават калі ў судзе паўстаюць відавочныя грубыя парушэнні закона, ігнаруюць гэтыя парушэнні і не адмяняюць рашэнні адміністрацый пра склад камісій. У дадзеным выпадку судовая ўлада з’яўляецца адным з элементаў той адміністратыўнай машыны, якая выконвае задачу атрымаць неабходны вынік выбараў”.

Суразмоўца адзначыў, што для яго найбольшае значэнне меў адміністрацыйны працэс у судзе Маскоўскага раёна, паколькі ён быў вылучаны у склад адной участковай камісіі ў гэтым раёне, бо там балатуецца сябра ПБНФ Юрась Меляшкевіч. Сам Чавусаў на пасяджэнні па фармаванні УВК не быў, аднак, паводле назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, яго не ўключылі ўсё з той жа прычыны – "не мае вопыту працы ў камісіях", хоць у яго характарыстыцы ўказана, што мае багаты досвед назіральніка ў камісіях рознага узроўню – ад ЦВК да ўчастковых. ПБНФ, з яго словаў, традыцыйна накіроўвае ў суд скаргі на вынікі фармавання тэрытарыяльных і ўчастковых выбаркамаў, каб такім чынам падкрэсліць дыскрымінацыйны характар выбарчага працэсу.

Юры Чавусаў. Фота: svaboda.org
Юры Чавусаў. Фота: svaboda.org

 

“Менавіта ў судзе можна праверыць вылучэнне іншых суб’ектаў і зафіксаваць: нягледзячы на тое, што нашае вылучэнне было бездакорнае, нас не ўключылі ў камісіі, а прадстаўнікоў праўладных і лаяльных да ўладаў псеўдаграмадскіх структураў, альбо тых структураў, якіх вымушаюць удзельнічаць у гэтым (як Беларускі Чырвоны Крыж, місія якога зусім іншая), уключылі нават пры наяўнасці парушэнняў.

У судзе можна пабачыць тыя парушэнні, з якімі зроблена вылучэнне гэтых суб’ектаў у склад камісій, і такім чынам падкрэсліць нераўнапраўны характар выбарчага працэсу на этапе фармавання камісій”.

Юры Чавусаў прывёў прыклады парушэнняў, з якімі яму давялося сутыкнуцца.

“103-я ўчастковая камісія ў Маскоўскім раёне сфармаваная ў тым ліку з удзелам прадстаўніка БРСМу, у пратаколе вылучэння якога ад арганізацыі адсутнічаў юрыдычны адрас і нумар тэлефона гэтай арганізацыі. Між тым частка 7 артыкула 35 Выбарчага кодэкса ўтрымлівае пералік таго, што павінна быць у пратаколе вылучэння. І калі, напрыклад, пры вылучэнні прадстаўніка ад апазіцыйнай палітычнай партыі не ўказана месца жыхарства ці месца працы, ці юрыдычны адрас арганізацыі, то, безумоўна, яго ў камісію не ўключаць, яшчэ і адзначаць, што вылучэнне яго адбылося з парушэннямі. А вось у дачыненні да БРСМу гэтыя парушэнні не маюць значэння – іх ўсё роўна ўключаюць.

І з БРСМам увогуле такая рэч: у склад раённых адміністрацый старшыня іх райкама ўваходзіць па пасадзе, то бок, атрымліваецца, яны самі сябе ўключаюць у камісіі…”.

brsm-pratakol_uvk.jpg
Фота згаданага пратакола без рэквізітаў, прадугледжаных Выбарчым кодэксам

 

Падчас выступу ў судзе Чавусаў акцэнтаваў увагу: вылучаная з парушэннямі асоба ўвайшла ў склад камісіі, а яго, чые дакументы аформленыя без недахопаў (гэта прызнала і сама раённая адміністрацыя), у камісію не ўключылі. Паказальна, што суд не даў ацэнку гэтаму факту: у агучаным рашэнні ўвогуле не адзначаецца сутнасць яго аргумента.

“Гэта яшчэ раз сведчыць пра палітычны аспект падобнага кшталту справаў: камісіі фармуюцца з тых людзей, якія гатовыя выканаць загад адміністрацыі па дасягненні неабходнага выніку выбараў. І гэты аспект дасягнення неабходнага выніку, на мой погляд, яшчэ больш істотную ролю адыгрывае падчас мясцовых выбараў. Заўважым, што на прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах у камісіі ўключаюць крыху большую колькасць прадстаўнікоў апазіцыі. А на мясцовых выбарах перад участковымі камісіямі ставяцца яшчэ больш складаныя задачы. Думаю, гэта звязана з тым, што народ на мясцовыя выбары не ходзіць увогуле, а тую лічбу, якую назвала Ярмошына - 77%, па Мінску таксама прыходзіцца выдаваць”.

Падчас даследвання дакументаў у двух іншых судах, Партызанскага і Першамайскага раёнаў, па словах Чавусава, таксама выявіліся шматлікія парушэнні, якія датычацца як правілаў вылучэння так і патрабаванняў афармлення дакументаў аб вылучэнні, замацаваных у Выбарчым кодэксе.

Яшчэ адна акалічнасць, на якую звяртае ўвагу суразмоўца, – вызначэнне колькаснага складу камісій да моманту іх фармавання.

rashennie_kolkasc_kamisii.jpg
Юры Чавусаў прыводзіць прыклад рашэнняў адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска: 29-м снежня датавана рашэнне пра колькасны склад камісій, а 3-м студзеня - рашэнне па персаналіях. Пры тым, што вылучэнне ў УВК адбывалася да 31-га снежня.

 

“Калі ў судзе мы прасілі запатрабаваць рашэнне раённай адміністрацыі пра фармаванне камісій, нам прыносілі два асобныя. Адно – пра вызначэнне колькаснага складу, другое – пра вызначэнне персанальнага складу. Пры гэтым суддзя задала вельмі разумнае пытанне: “Чаму вы вызначылі колькасны склад да заканчэння вылучэння ў склад участковых камісіяў? Што б вы рабілі, калі б менш заявак было пададзена? Пасля яна ўжо зразумела, што не тое спытала, і на гэтым увагу не акцэнтавала. Але любы разумны чалавек гэтае пытанне падтрымае. Да таго ж, ніводная камісія не сфармаваная ў максімальным складзе – 19. То бок, калі б нават вылучаліся 2-3 прадстаўнікі апазіцыі, то яны б усё роўна фармавалі камісію не ў максімальнай колькасці, а меньшую – спасылаючыся на сваё ранейшае рашэнне”.  

Атрымліваецца, што вызначаны Выбарчым кодэксам тэрмін фармавання ўчастковых камісіяў насамрэч не выконваецца, што з’яўляецца грубым парушэннем.

Пра збоі ў адміністратыўным механізме сведчыць яшчэ адна акалічнасць, на якую ўказвае Юры Чавусаў.

“Я прыехаў у Маскоўскі суд з аналагічнага працэсу ў Першамайскім судзе. Там я заўважыў у дакументах адзін пратакол – пад адным нумарам, за адну дату, ад адной арганізацыі, і гэта Мінская гарадская арганізацыя Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, але пры гэтым у Першамайскім раёне ён вылучае аднаго прадстаўніка ў УВК гэтага раёна, а ў Маскоўскім раёне – вылучае прадстаўнікоў у УВК па гэтым раёне”.

На яго думку, каб мімінізаваць падобнага кшталту збоі, раённымі адміністрацыямі і прымаюцца захады кшталту асобнага вызначэння колькасці складу камісій. Відаць, так ім прасцей каардынаваць розныя псеўдаграмадскія арганізацыі і лаяльныя партыі, з дапамогай якіх яны запаўняюць участковыя камісіі.  

Чарговая цікавая ілюстрацыя, якую паказаў Юры Чавусаў, датычыцца “вытворчага прынцыпу” фармавання УВК і паказвае, хто і якім шляхам у іх праходзіць.   

vytvorchy_pryncyp-pratakoly.jpg
Пратаколы вылучэння ва УВК №5 па Акадэмічнай выбарчай акрузе №48 у Першамайскім раёне Мінска

 

На фота пратакол працоўнага калектыва Аб’яднанага інстытута праблемаў інфарматыкі НАН Беларусі і побач аналагічна аформлены пратакол ад прафсаюзнай арганізацыі гэтага ж калектыва. Такім чынам яны вылучылі двух чалавек у адну участковую камісію – і абодвух уключылі.   

“Тое, што прадстаўнікі ПБНФ высветлілі падчас даследвання ў судзе матэрыялаў, прадстаўленых раённымі адміністрацыямі ў якасці падставаў для прыняцця рашэнняў аб фармаванні ўчастковых камісій, высвятляецца кожны раз падчас падобнага кшталту судовых працэсаў, - адзначае Юры Чавусаў. – І тыя тлумачэнні, якія адміністрацыі агучваюць падчас сваіх паседжанняў і ў судах, не маюць юрыдычнага значэння”.

Падводзячы рысу, незалежныя назіральнікі адзначаюць, што пры мажарытарнай выбарчай сістэме ў Беларусі роля палітычных партый нівелюецца. І гэтая спецыфіка палітычнай сістэмы і выбараў у прыватнасці адлюстроўваецца канкрэтна ў працэсе фармавання выбарчых камісій. Асноўнымі арганізатарамі выбараў у краіне з’яўляюцца пяць праўладных грамадскіх арганізацый, якія “традыцыйна” маюць большасць у камісіях.

 “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

11.01.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты