Навіны

Год “хатняй хіміі” за 1 патрон

У судзе Ленінскага раёна Менска 12 студзеня агучаны прысуд па справе менскага мастака-дызайнера Андрэя Бяляўскага за захоўванне аднаго патрона. Андрэй Бяляўскі каля будынку суда 11 студзеня 2018 года.

Суддзя Марына Запаснік абвясціла: прызнаць былога фігуранта справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў Андрэя Бяляўскага вынаватым па ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса («Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў”) і прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу („хатняя хімія”).

На ўчорашнім пасяджэнні менавіта такое пакаранне запрасіў дзяржабвінаваўца –  пракурор Аляксей Кісляк. Сам Андрэй Бяляўскі цалкам прызнаў сваю віну ў захоўванні боепрыпаса – патрона ад аўтамата Калашнікава і ў апошнім слове заявіў, што ўсвядоміў свае дзеянні і раскайваецца.

Андрэй Бяляўскі мае намер абскардзіць прысуд ў Менскім гарадскім судзе. Нагадаем, Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 21 сакавіка і абвінавачаны па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу – „Навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках” і арт. 287 Крымінальнага кодэкса – “Стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання”.

Адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе 2 чэрвеня са спыненнем справы па арт. 287 КК.

Пад час ператрусу адразу пасля затрымання ў яго быў знойдзены спраўны патрон. 12 снежня Следчы камітэт прад’явіў абвінавачанне маладому чалавеку па ч. 2 арт. 295. ПЦ „Вясна”


12.01.2018

праваабарончыя сайты